БЕЛ Ł РУС

Масіраваная атака Расіі на Украіну: 13 загінулых, дзясяткі параненых

25.05.2025 / 10:45

Nashaniva.com

Атака 25 траўня стала адной з самых разбуральных за апошні час, з ахвярамі сярод мірнага насельніцтва і значнымі разбурэннямі інфраструктуры.

У выніку масіраванай паветранай атакі Расіі на тэрыторыю Украіны ў ноч з 24 на 25 траўня загінулі 13 чалавек, больш за 50 атрымалі раненні. Пра гэта паведаміў народны дэпутат Даніл Гетманцаў. Імаверна, гэта лічба не канчатковая. 

Расія выпусціла 367 паветраных сродкаў нападу: балістычныя і крылатыя ракеты, а таксама сотні ударных дронаў.

Паветраныя сілы Украіны паведамілі, што сістэмы супрацьпаветранай абароны знішчылі 45 крылатых ракет і 266 беспілотнікаў.

У Кіеве і вобласці загінулі чацвёра чалавек, параненыя два дзясяткі людзей, сярод якіх ёсць дзеці. У Жытомірскай вобласці загінулі трое дзяцей — 8, 12 і 17 гадоў. У Хмяльніцкай вобласці чатыры чалавекі загінулі, яшчэ пяць былі паранены. У Мікалаеве абстрэл забраў жыццё 77-гадовага мужчыны, параненыя яшчэ пяць чалавек, сярод іх падлетак. У Харкаве пацярпелі тры чалавекі, у тым ліку дзіця.

Атакі закранулі і іншыя вобласці. У Сумах і Цярнопалі былі пашкоджаны прамысловыя аб’екты. У Чарнігаве пашкоджаныя будынкі, узніклі пажары. У Адэсе — пашкоджанні транспарту.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў напад адным з самых масіраваных з пачатку поўнамаштабнай вайны і заклікаў партнёраў узмацніць падтрымку і санкцыйны ціск на Расію.

«Кожны такі тэрарыстычны ўдар Расіі з'яўляецца дастатковай падставай для новых санкцый супраць Расіі. Расія зацягвае гэтую вайну і працягвае забіваць кожны дзень. Свет можа жыць у выхадныя, але вайна працягваецца незалежна ад выходных і будных дзён. Гэта нельга ігнараваць. Маўчанне Амерыкі, маўчанне іншых у свеце толькі падбадзёрвае Пуціна. Без сапраўды моцнага ціску на расійскае кіраўніцтва гэтую жорсткасць не спыніць», — напісаў Зяленскі ў тэлеграме. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула