Кабанаў — Пятрухіну: Колькі грошай ты атрымаў з фондаў на новы айфон, ноўтбук, кватэру на год і веласіпед?
Блогер і былы палітвязень Аляксандр Кабанаў звярнуўся да былога калегі па канале «Народны рэпарцёр», таксама былога палітвязня, Сяргея Пятрухіна з просьбай распавесці, якую дапамогу той атрымаў пасля вызвалення ад фондаў і людзей, якіх цяпер Пятрухін ганьбіць, зняславіць, вінаваціць у крадзяжах грошай.
Сяргей Пятрухін
Аляксандр Кабанаў распавёў, што пасля ўчорашняй канферэнцыі ў СМІ найбольш асвятлялася пытанне Сяргея Пятрухіна: «Дзе грошы, Стрыжак!?».
«І Сяргей так умела карыстаецца прапагандысцкім прыёмам — людзі пытаюцца, з інтэрнэту. Я таксама накшталт «з інтэрнэту». Прашу асвятліць такія пытанні:
1. Хто яго эвакуяваў і колькі гэта каштавала?
2. Колькі грошай ён атрымаў з фондаў, што яму хапіла купіць новы айфон, адзенне, ровар, дарагі ноўтбук за 2,2 тыс. еўра, зняць кватэру практычна на год. Плюс купля прадуктаў.
І так, праз які фонд яму арганізавалі збор і сабралі суму, якую ён папрасіў?
3. Палічыць, колькі людзей эвакуіруецца, і якія сродкі на гэта выдаткоўваюцца, хоць магчыма, што людзі не атрымліваюць дапамогі ў такім памеры, якую атрымаў ён. Я не ведаю гэтага», — піша Кабанаў.
«Раскажы пра гэта тым, каму ты зараз вяшчаеш — «ніхто нічога не робіць», — звярнуўся да Пятрухіна Кабанаў у чаце Каардынацыйнай рады.
Аляксандр Кныровіч удакладніў, якая агульная сума пайшла на аднаго Сяргея. «Ну проста для разумення маштабу».
«Прыкладна 6-7 тысяч еўра, плюс збор у Стрыжака. Гэта калі з фондаў, куды пісаліся заяўкі на дапамогу. Алег Кулеша скідваў фонды, мы запаўнялі заяўкі, і, наколькі я памятаю, ніводны фонд не адмовіў. Калі ўзяць маштаб зваротаў, колькі людзей звяртаюцца ў фонды і атрымліваюць падтрымку, гэта каласальныя сумы. Пры гэтым ёсць фонды, у якія мы звярталіся, і яны перадавалі досыць вялікія сумы ў РБ, сваімі шляхамі, але людзі потым адпісваліся, што атрымалі грошы. І Пятрухін пра ўсё гэта ведае», — дадае Кабанаў.