БЕЛ Ł РУС

Памерла паэтка Ніна Галіноўская

25.05.2025 / 15:52

Nashaniva.com

Гэта яе радкі: «Коцік-варкоцік Лёг на жывоцік. Лапкі пад вушка — Не трэба падушка» — ведае кожны маленькі беларус.

Ніна Васільеўна Галіноўскай нарадзілася 18 снежня 1935 года ў вёсцы Вялікія Лазіцы (Шклоўскі раён, Магілёўская вобласць).

Выйшла з сялянскай сям’і, скончыла Магілёўскую дашкольную педагагічную вучэльню. Працавала выхавацелькай дзіцячага садка торфапрадпрыемства «Калпеніца» на Брэстчыне, пасля карэктаркай газеты «Мінская праўда» (1962—1963), карэктаркай друкарні выдавецтва «Звязда», затым выдавецтва ЦК КПБ (1963—1967).

Першы верш паэткі выйшаў у 1958 годзе ў скідзельскай раённай газеце «Красное знамя».

Галіноўская аўтарка шматлікіх кніжак вершаў для дзяцей — «Давайце пазнаёмімся» (1962), «Лясная зарадка» (1965), «Размова сняжынак» (1968), «Сяргейкаў параход» (1972), «Кніжчыны сябры» (1975), «Мой дзень» (1977), «Зай прагназіст» (1979), «Незвычайны карагод» (1986), «Восень едзе ў магазін» (1990), «Гусіны капялюш» (1994), «Клубок і Калабок» (1999), «Камп’ютарныя сакрэты» (2002), «Палёт з Карлсанам» (2006), «Калі я шчаслівы» (2013), «Звяры ў трамваі» (2013), «Леў смяецца» (2013), «Няма даравання вайне» (2014), «Вясёлая пясочніца» (2017), «У казачным лесе» (2020), «Крылатыя дружбакі» (2022).

У 2000-м Галіноўская атрымала літаратурную прэмію імя Янкі Маўра.

Пра тое, што паэткі не стала, паведамляюць у сацсетках яе знаёмыя.

Развітанне адбудзецца 26 мая ў 14.00 у Мінску, у рытуальнай залі па вуліцы Кіжаватава, 58е.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула