БЕЛ Ł РУС

Пазоў супраць Мінска па справе аб мігрантах: Літва патрабуе 200 мільёнаў еўра кампенсацыі

26.05.2025 / 10:41

Nashaniva.com

Літва, якая падала на Беларусь у Міжнародны суд ААН патрабуе кампeнсаваць шкоду больш за 200 млн еўра за міграцыйны крызіс, справакаваны рэжымам, паведамляе LRT.

Паводле звестак міністэрства, гэта справа таксама можа мець значэнне ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека (ЕСПЧ) пры разглядзе спрэчак паміж мігрантамі і Літвой.

«У пазове Літоўскай Рэспублікі заяўлена, што дзяржава патрабуе рэпарацый, а (…) паводле папярэдніх падлікаў, шкода ацэньваецца больш чым у 200 млн еўра, затрачаных выключна на кіраванне крызісам у сістэме ўнутраных спраў. Разлікі будуць удакладняцца», — гаворыцца ў каментары Міністэрства юстыцыі, прадастаўленым BNS на мінулым тыдні.

У пазове Літва ўказвае, што гэта шкода ў 2021—2023 гадах узнікла ў выніку дзеянняў Беларусі, што запатрабавалі вымушаных інвестыцый у будаўніцтва фізічнага бар’ера, узмацненне сістэм назірання на мяжы, размяшчэнне персаналу ў колькасці, якая перавышала ўсе папярэднія паказчыкі.

Працэс у Міжнародным судзе ў агульным сэнсе не ізаляваны ад іншых і можа паўплываць на ацэнку прадмета спрэчкі ў справах аб мігрантах, якія разглядаюцца ў Страсбургскім судзе.

«Ён можа паўплываць на іншыя працэсы або нават мець прэцэдэнтнае значэнне ў пытаннях, якія ў іншых справах будуць звязаныя з адказнасцю дзяржавы, напрыклад, пры ацэнцы прычынна-выніковай сувязі адпаведных падзей і іх наступстваў», — указала Міністэрства юстыцыі.

Прэцэдэнтная сувязь прававых працэсаў азначае, што ўстаноўленыя ў іншай справе факты або тлумачэнне нормаў права маюць юрыдычнае значэнне пры вынясенні рашэння па разглядаемай справе.

Паводле звестак міністэрства, у цяперашні час у ЕСПЧ разглядаюцца сем індывідуальных спраў супраць Літвы, што датычацца правоў мігрантаў.

У адказ на наплыў мігрантаў Літва з лета 2021 года пачала разварочваць незаконных мігрантаў, загадваючы ім вяртацца ў Беларусь. Гэтая практыка працягваецца і цяпер.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула