БЕЛ Ł РУС

«Выходны ў сераду — гэта бомба». Беларус сам зрабіў сабе 4-дзёнку — і дзеліцца вынікамі з кам’юніці

27.05.2025 / 13:46

Nashaniva.com

Распрацоўшчык Ілля дзеліцца сваім досведам, піша Devby.io.

«Восенню 2023 года, яшчэ знаходзячыся ў найме, я паспрабаваў працаваць па чатыры дні на тыдзень. Мінусаў не выявіў. Пазней, калі перайшоў на фрыланс, свядома вырашыў прытрымлівацца скарочанага працоўнага тыдня.

Я сышоў з найму восенню 2024 года і свядома вырашыў працаваць чатыры дні на тыдзень. Мой сярэдні працоўны дзень — 9—10 гадзін. З іх 3—4 гадзіны я на сувязі, астатні час прысвячаю засяроджанай працы ў silent mode.

Упершыню я апрабаваў чатырохдзёнку яшчэ ў найме — восенню 2023 года. У мяне з'явілася шмат адпачынкавых дзён, але ўзяць паўнавартасны адпачынак не атрымлівалася. Тады я вырашыў зрабіць выходнымі ўсе серады з верасня па снежань — і гэта формула аказалася ідэальнай.

Цяпер кожная серада ў мяне — выходны.

Чаму не тры выходныя запар? Бо для Атоса гэта зашмат, а для графа дэ Ла Фэр — замала. За тры выходныя не паспееш як след адпачыць, але з працоўных працэсаў ужо выпадаеш. Здаецца, што гэта добрая ідэя, але на практыцы — не.

А вось выходны ў сераду — гэта бомба. Два дні папрацаваў — адпачыў. Зноў два дні працы — і зноў адпачынак. Проста не паспеў стаміцца. Пры гэтым дэ-факта я за чатыры дні лёгка выконваю аб’ём працы поўнага тыдня. Менш нагрузкі, менш стрэсу, свежая галава — вышэй і якасць, і тэмп.

Сераду я прысвячаю навучанню, закрываю «хвасты», раблю рэфактарынг, знаёмлюся з іншымі спецыялістамі. Карацей, займаюся тым, на што не хапае энергіі ў звычайныя працоўныя дні.

І я выконваю столькі ж задач, як на 5-дзёнцы.

Працоўны дом — зло

Разумею, у вас можа быць іншае меркаванне, і вы ведаеце 99 прычын, чаму гэта не так. Але паверце — я іх улічыў. За апошнія 15—20 гадоў я перакаштаваў практычна ўсе формы занятасці і самазанятасці, і ў выніку ўсё роўна заўсёды арандаваў сабе офіс — нават за свой кошт. Цяпер працую ў каворкінгу «Працуем» на «Гарызонце».

Я правяраў: у офісе або каворкінгу мая прадуктыўнасць вышэй на 15—30%. І справа не ў дысцыпліне, а ў падзеле «праца — дом». Нават калі ў вас ёсць асобны кабінет, вы строга захоўваеце рэгламент і працуеце па таймеры, адчуванне звышпрадуктыўнасці — гэта ілюзія.

Можна атрымаць буст ад працы з дому ў першыя 3—4 месяцы — пакуль свежыя адчуванні, асабліва калі ў офісе быў хаос або стрэс. На кантрасце. Але на дыстанцыі больш за год, пры нармальнай атмасферы ў офісе, вы будзеце працаваць лепш.

Калі вы сумленна працуеце па 7—8 гадзін у дзень, пастаянная праца з дому з часам ператварае жыццё ў аднастайны кісель — як бы вы ні старалiся разнастаіць вольны час. Чаргаваць — можна і трэба.

Я асабіста працую як фрылансер, таму хаджу ў каворкінг. Галоўны плюс — змена абстаноўкі і мультыкультурнае асяроддзе. Вельмі хутка абрастаеш знаёмствамі. Калі праз сцяну працуюць офісы дзясятка розных айцішных кампаній, а ў оўпэнспэйсах сядзяць фрылансеры ўсіх масцей з розных краін.

Новыя праекты і людзей знаходзіш літаральна па дарозе ад кулера да прыбіральні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула