У Беларусі 470 тысяч пенсіянераў працягваюць працаваць — і іх колькасць павялічваецца
У Беларусі працягваюць працаваць больш за 470 тысяч пенсіянераў. За год колькасць працуючых пенсіянераў у краіне стала на 6% большай.
Жанчын сярод працуючых пенсіянераў значна больш, чым мужчын, піша БелТА са спасылкай на Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
«Асноўны ўклад у эканоміку і адначасова папаўненне свайго кашалька беларусы робяць у першай фазе заслужанага адпачынку, гэта значыць у 5-10 гадоў пасля прызначэння пенсіі. У сярэднім працягласць працы на пенсіі складае каля пяці гадоў. Размова ідзе не толькі аб няпоўнай, але і аб поўнай занятасці», — распавялі ў ведамстве.
Больш за ўсё пенсіянераў, паводле даных Мінпрацы, працуе ў сферах навукі, адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўвання і прамысловасці.
З 1 студзеня працуючыя пенсіянеры атрымліваюць поўную пенсію, а не паменшаную, як гэта было раней.