«Калі позву адправілі памылкова, грамадзянін павінен гэта даказаць». У Гомелі ў міліцыю выклікаюць тых, хто не парушаў закон
Сілавікі на Гомельшчыне рассылаюць позвы на прафілактычныя мерапрыемствы. Спрабуюць «пераканаць знайсці працу».
Ілюстрацыйнае фота міліцыі Гомеля
Гомельская міліцыя рассылае мясцовым жыхарам позвы на прафілактычнае мерапрыемства. Многіх такія лісты здзіўляюць, бо ніякага закону яны не парушалі.
Як патлумачыў намеснік начальніка Савецкага РАУС Аляксандр Раманенка, калі такая позва прыйшла, то гэта значыць, што грамадзяніна ўключылі ў спіс «дармаедаў».
«Хутчэй за ўсё, вы трапілі ў спісы грамадзян, незанятых у эканоміцы (гэта значыць, якія не маюць афіцыйнай працы). Мэта прафілактычнага мерапрыемства — пераканаць вас знайсці працу. Гэта робіцца як індывідуальна ў кабінеце ўчастковага інспектара, так і на агульных сходах у райаддзеле міліцыі, — расказаў міліцыянт выданню «Белка».
Ён мяркуе, што позвы могуць памылкова дасылаць тым, хто насамрэч працуе. Але па логіцы праваахоўніка, у такім выпадку даказваць, што міліцыя дапусціла памылку, павінен сам грамадзянін. У такім выпадку чалавеку, які атрымаў позву, трэба прынесці пацвярджэнне таго, што ён працуе, ва ўпраўленне.
«Калі ў вас няма працы, супрацоўнікі міліцыі гатовыя дапамагчы вам яе знайсці праз гарадское ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва. Якраз на сходзе, куды вас запрашаюць, пра гэта таксама будзе ісці гаворка», — сказаў Раманенка.
Толькі ў Савецкім раёне Гомеля жывуць каля 10 тысяч чалавек, незанятых у эканоміцы. Многіх з іх Раманенка абвінавачвае ў тым, што яны не хочуць працаваць, вядуць асацыяльны лад жыцця і жывуць за кошт сваякоў.
Чытайце таксама:
На Гомельшчыне жыхарам, прызнаным «дармаедамі», рассылаюць позвы з міліцыі
У светлагорскіх сілавікоў на сцяне вісіць сапраўдны «іканастас» з партрэтамі чыноўнікаў ФОТАФАКТ
Дармаедаў шукаюць нават сярод тых, хто з'ехаў за мяжу ў 1990-х: тэлефануюць сваякам у Беларусі
Па Мінску будуць правяраць «дармаедаў» і тых, хто працуе за мяжой
«Ну і куды мне, прыбіральшчыцай?» Маладая маці не можа знайсці працу пасля трэцяга дэкрэту