Зяленскі: Расія прапаноўвала правесці перамовы ў Беларусі
Прэзідэнт Украіны назваў тры месцы, на якія згодны Кіеў.
Расійская дэлегацыя на чале з Уладзімірам Мядзінскім (другі злева) на перамовах у Стамбуле. Фота: Arif Hudaverdi Yaman/Anadolu via Getty Images
Украіна абмяркоўвае пытанне некалькіх пляцовак для магчымых перамоваў па спыненні вайны, найбольш рэалістычнымі з’яўляюцца Турцыя, Ватыкан і Швейцарыя, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, піша «Інтэрфакс-Украіна».
«Па-першае, я сапраўды ўдзячны і прэзідэнту Эрдагану, і Хакану Фідану — міністру замежных спраў Турцыі. У яго сустрэча з расіянамі. Потым у мяне будзе з ім сустрэча праз некалькі дзён. Турэцкі бок ведае, што мы абмяркоўваем пытанне некалькіх пляцовак. І што мы зрабілі падрыхтоўчую працу па Ватыкану і Швейцарыі», — сказаў Зяленскі падчас размовы з журналістамі 27 мая.
Прэзідэнт Украіны адзначыў, што сустрэчу ў Ватыкане падтрымліваюць усе, акрамя расійскага боку.
«Усе перадалі сігналы пра гатоўнасць да наступных сустрэч. І Швейцарыя. Вельмі хоча швейцарскі бок, мы не супраць. Зноў жа, усе мы падтрымліваем. Ад расіян сігналаў не чулі», — паведаміў прэзідэнт.
Паводле яго слоў, Афрыка і Мальта таксама прапануюць свае пляцоўкі, аднак РФ на ўвесь гэты спектр перадала сігнал па Беларусі.
«Як вам сказаць, на што гэта падобна? Калі не хочуць, мне здаецца, людзі павінны сказаць: «Мы зараз не гатовыя. Альбо не хочам заканчваць вайну». Таму што гэта несур’ёзна. Беларусь для нас на сёння з’яўляецца краінай, з якой паляцелі ракеты, і, адпаведна, яна з’яўляецца саюзнікам краіны, якая на нас напала. І войскі заходзілі з Беларусі. Гэта проста немагчыма ў дачыненні да Беларусі», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.
«Я думаю, што самыя рэалістычныя тры пляцоўкі: Турцыя, Ватыкан і Швейцарыя. Таму што яны абсалютна зразумелыя. Мы гатовыя да любога фармату. Я лічу, што лепш рухацца наперад, а не глядзець пастаянна назад», — рэзюмаваў Зяленскі.