Улады рыхтуюцца нацыяналізаваць аўтамабільны завод «Юнісон»
Беларускія ўлады, відаць, рыхтуюцца прымусова забраць маёмасць яшчэ аднаго прадпрыемства з замежным капіталам — аўтазавода «Юнісон». Гэту інфармацыю заўважыла выданне «Люстэрка» на сайце Вярхоўнага суда, дзе «Юнісон» фігуруе ў пераліку спраў аб канфіскацыі маёмасці. Раней па такой жа схеме дзяржава нацыяналізавала былыя рэстараны McDonald’s (кампанія «МАК.by»).
Фота: domkrat.by
Завод «Юнісон» знаходзіцца ў вёсцы Абчак пад Мінскам і быў заснаваны яшчэ ў 1996 годзе як сумеснае беларуска-брытанскае прадпрыемства. За сваю гісторыю завод выпускаў аўто брэндаў Ford, KIA, Samand, а з 2020 па 2021 год — кітайскія машыны Changan. У 2022 годзе прадпрыемства трапіла ў спіс кампаній, удзельнікам якіх забаронена распараджацца акцыямі без дазволу дзяржавы.
Цяпер Дзяржкаммаёмасць падала пазоў у Эканамічны суд Мінска з патрабаваннем канфіскацыі маёмасці «Юнісона» нібыта з матываў «грамадскай неабходнасці». Гэта адбываецца на падставе сакрэтнага закона, падпісанага Лукашэнкам у 2023 годзе, які дазваляе забіраць маёмасць у кампаній з так званых «недружалюбных краін». Закон прадугледжвае і магчымасць замены кіраўніцтва прадпрыемства на прадстаўнікоў улады або поўную нацыяналізацыю.
У судзе ўжо адбыліся тры пасяджэнні, але падрабязнасці не раскрываюцца. У красавіку «Юнісон» меў запазычанасць перад бюджэтам, але да мая яе пагасіў. У лютым у дакументах прайшлі змены, звязаныя з кіраўніцтвам прадпрыемства.
Пакуль жа завод працягвае дзейнічаць і нават шукае работнікаў — некалькі вакансій размешчаныя ў дзяржаўным банку занятасці.
Чытайце таксама:
Сын кашалька Лукашэнкі заняўся ў Беларусі аўтабізнэсам
«Еўраопт», ЭПАМ, «Хенкель». Улады Беларусі забаранілі замежным уласнікам прадаваць свае долі і акцыі