У Радуні на аўкцыёне прадалі будынак старой ешывы
У Радуні на аўкцыёне прадалі будынак, у якім калісьці знаходзілася вядомая ешыва — яўрэйская рэлігійная школа. Яе заснаваў у 1882 годзе рабін Хафец Хаім, і ў ёй вучыліся сотні вучняў. Пазней у будынку размясцілі Дом культуры, а цяпер яго прадалі за 322 тысячы рублёў, піша Hrodna.life.
Дом культуры ў Радуні. Фота: shtetlroutes.eu
Раней былі планы стварыць у гэтым месцы турыстычны цэнтр для яўрэйскіх паломнікаў: думалі пабудаваць гатэль, сінагогу, рэстаран з кашэрнай кухняй. Але праект так і не рэалізавалі.
Новы ўладальнік можа выкарыстоўваць будынак як заўгодна — адкрыць краму, офіс, кавярню ці нават супермаркет. Аб’ект не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, таму няма патрабаванняў захоўваць яго ў арыгінальным выглядзе.
Фота: et.butb.by
Магіла рабіна Хафец Хаіма, які памёр у 1933 годзе, некалі была знішчаная — ці то савецкімі ўладамі, ці то падчас нацысцкай акупацыі. Але пазней яе аднавіла яўрэйская абшчына. У апошнія гады Радунь прыцягвала паломнікаў з Ізраіля і іншых краін, якія прыязджалі ўшаноўваць памяць знакамітага рабіна.
Нягледзячы на гістарычнае значэнне, будынак ешывы застаўся па-за ўвагай дзяржавы, а планы па развіцці рэлігійнага турызму засталіся толькі на паперы.
Чытайце таксама:
На Віцебшчыне прадаюць паштовую станцыю XIX стагоддзя
У Беларусі ўжо тры гады прадаюць былы кляштар за адну базавую
Мураванку Храптовічаў у Шчорсах выставілі на аўкцыён. Колькі каштуе