Галоўнага ўкраінскага разведчыка ўзнагародзілі прэстыжным польскім ордэнам
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўзнагародзіў кіраўніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Кірылу Буданава адной з найвышэйшых польскіх узнагарод для іншаземцаў — залатым афіцэрскім крыжам ордэна «За заслугі перад Польшчай».
Кірыла Буданаў. Фота: AP Photo / Evgeniy Maloletka
Як паведамілі ў ГУР, гэты ордэн уручаецца за выдатны ўнёсак у развіццё міжнароднага супрацоўніцтва і сувязяў паміж Польшчай і іншымі краінамі.
Анджэй Дуда падкрэсліў важнасць партнёрства з Украінай у барацьбе супраць расійскай агрэсіі і высока ацаніў ролю ўкраінскай арміі і разведкі ў гарантаванні бяспекі Еўропы.
Кірыла Буданаў падзякаваў за ўзнагароду і адзначыў, што цяперашняя вайна — гэта змаганне за свабоду, каштоўнасці і прынцыпы аб’яднанай Еўропы. Ён дадаў, што толькі разам народы Польшчы і Украіны могуць спыніць расійскую пагрозу і змагацца за мірную будучыню.
Раней такія ўзнагароды ад Польшчы атрымлівалі такія вядомыя сусветныя дзеячы, як Рональд Рэйган, Генры Кісінджэр, Антоніу Гутэрыш і Андэрс Фог Расмусэн.
Акрамя таго, кавалерскі крыж ордэна «За заслугі перад Польшчай» атрымаў і намеснік Буданава — генерал-маёр Вадзім Скібіцкі.
Чытайце таксама:
Буданаў ацаніў узровень карупцыі ў расійскай арміі пасля звальнення Шайгу
Буданаў асабіста ўдзельнічаў у аперацыі па вызваленні Ваўчанскага завода