БЕЛ Ł РУС

Сцяпан Пуціла: У час пратэстаў нас чатыры чалавекі ў рэдакцыі было. І дзвесце паведамленняў на хвіліну

2.06.2025 / 9:0

Nashaniva.com

Стваральнік медыяпраекта «Нехта» Сцяпан Пуціла ў новым выпуску ТОКу расказаў пра ролю праекта ў пратэстах 2020-га і адкуль канал атрымаў арыгінал відэа наведання Лукашэнкам Мінскага завода колавых цягачоў.

«Адказнасць была вельмі вялікая. Ці былі мы галоўным каардынатарам? Мы былі проста на той момант найбуйнейшым інфармацыйным каналам. Усе тэлеграм-каналы ад малых да вялікіх давалі інфармацыю пра гэтыя пратэсты. Мы ўсе гулялі ў адным ключы, у адным тоне.

Шмат хто лічыць нас каардынатарам, але насамрэч мы самі — нас чатыры чалавекі ў рэдакцыі было, дзвесце паведамленняў на хвіліну [атрымлівалі] — не каардынавалі, не выбудоўвалі планы «вось тут захапіць рэзідэнцыю Лукашэнкі», — даводзіць Сцяпан Пуціла адносна ролі канала «Нехта» ў пратэстах.

Па словах рэдактара, супрацоўнікі канала «ішлі за тым, што пішуць людзі ў чатах» свайго раёна ці горада, глядзелі, што пісалі людзі непасрэдна ў іх канал, камунікавалі з іншымі вялікімі тэлеграм-каналамі, а таксама з «актывістамі з досведам, са стажам, з бэграўндам, якія вывучалі розныя падыходы мірных акцый, пратэстаў у розных краінах».

Сцяпан Пуціла. Скрын відэа: TOK_talk / YouTube

«Гэта не было так, што мы пальцам у гэтую кропку тык — і казалі: «Ідзіце туды», — даводзіць Пуціла і згадвае:

«Я памятаю, як гэта прапрацоўвалася. Што вось тут няма куды ўцякаць; што тут вялікая пляцоўка, тут складана будзе АМАПу, калі штосьці здарыцца, захопліваць людзей, і гэтак далей».

Згадваючы свае пачуцці на той час, Сцяпан адзначае, што пераломным момантам, пасля якога ён «зразумеў, што Лукашэнку засталося тыдзень-два», было наведанне Мінскага завода колавых цягачоў (МЗКЦ):

«Мы атрымалі гэтае відэа ад супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі ў арыгінальнай якасці з афіцыйных, дзяржаўных камер, якія здымалі гэта.

Мне здаецца, я на той момант быў у рэдакцыі адзін. Таму што ўсе стаміліся. Усе працавалі апошнія дні ўначы, 20 гадзін на дзень. Я проста гляджу — за ноч прыйшло чатыры тысячы паведамленняў. Гляджу штосьці з апошняга, і бачу — МЗКЦ. І яму сапраўды крычаць «Ухадзі». І я разумею — ну, усё». (…)

Тады сапраўды быў пераломны момант і для яго. (…) Ён асмялеў толькі пасля таго, як Пуцін выказаў яму сваю падтрымку. (…) На МЗКЦ ён прыляцеў на верталёце, ён баяўся па Мінску ездзіць».

Чытайце таксама:

Кіраўнік Nexta трапіў у спіс Forbes «30 да 30»

Кіраўнік Nexta Сцяпан Пуціла: Нам здавалася, сілавікі і чыноўнікі пяройдуць на бок народа

Сцяпан Пуціла: Здаецца, Пратасевіч робіць нават крыху больш, чым ад яго патрабавалася

Рабочыя МЗКЦ у твар скандавалі Лукашэнку «Ухадзі!». Разгублены, ён не змог авалодаць сітуацыяй ВІДЭА

Каментары да артыкула