БЕЛ Ł РУС

Як працуе амністыя — дзяўчына, якой далі за наркотыкі 12 гадоў, вызвалілася праз пяць

1.06.2025 / 11:25

Nashaniva.com

22-гадовая віцяблянка Кацярына Макаранка трапіла за краты яшчэ падлеткам.

Кацярына Макаранка

Адной з вызваленых па амністыі-2025 стала жыхарка Віцебска Кацярына Макаранка. Яе юрыдычныя абставіны не да канца зразумелыя, аднак дазваляюць пабачыць, як можа працаваць заканадаўства ў непалітычных справах.

Кацярына трапілася на наркотыках яшчэ 17-гадовай. «Школьніца з добрай сям’і пазнаёмілася не з тым хлопцам», — гаворыцца ў рэпартажы пра яе. Спачатку спажывала, потым стала распаўсюджваць. У выніку школу яна сканчвала ўжо ў СІЗА.

Дзяўчыне прысудзілі 12 гадоў зняволення, аднак ёй на руку згуляла некалькі амністый, якія скарачалі тэрмін. А яшчэ той факт, што яна здзейсніла злачынства яшчэ непаўналетняй — за кошт гэтага час у СІЗА ёй залічыўся як дзень за два, а таксама яна магла прэтэндаваць на ранейшае ўмоўна-датэрміновае вызваленне.

Кацярыну перавялі ў жаночую калонію ў Гомель. Колькі яна там прабыла, невядома, але апошнім часам яна адбывала пакаранне ў калоніі-пасяленні ў Баранавічах. Гэта ўстанова з палегчанымі ўмовамі ўтрымання.

29 мая 2025 года Кацярыне Макаранка прымянілі чарговую амністыю. Увесь неадбыты тэрмін — ён не называецца, але хутчэй за ўсё, не перавышае год, — ёй застанецца правесці на хатняй хіміі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула