БЕЛ Ł РУС

У Паўднёвай Карэі выбіраюць замену адхіленаму прэзідэнту

3.06.2025 / 7:30

Nashaniva.com

У Паўднёвай Карэі ў аўторак праходзяць пазачарговыя прэзідэнцкія выбары: грамадзяне выбіраюць новага кіраўніка дзяржавы замест Юн Сок Ёля, які быў адхілены з пасады за спробу ўвесці ў снежні ваеннае становішча, піша Бі-бі-сі.

Фота: Lee Jin-man / AP

Галоўных прэтэндэнтаў на перамогу двое: Лі Чжэ Мён, кандыдат ад Дэмакратычнай партыі і да нядаўняга часу яе лідар, і Кім Мун Су — кандыдат ад кансерватыўнай партыі адхіленага прэзідэнта, «Грамадзянская сіла».

Фаварытам лічыцца Лі: паводле апошніх перадвыбарчых апытанняў, ён апярэджваў Кіма на 10—14%, і яго падтрымліваюць да паловы выбаршчыкаў.

Выбары праходзяць у адзін тур, то бок той, хто атрымае простую большасць, адразу становіцца прэзідэнтам і кіраўніком выканаўчай улады ў Паўднёвай Карэі.

Акрамя Лі і Кіма, у прэзідэнты балатуюцца яшчэ тры чалавекі, але, згодна з апытаннямі, шанцаў умяшацца ў барацьбу за перамогу ў іх няма.

Лі Чжэ Мён удзельнічаў і ў папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах у 2022 годзе і прайграў Юн Сок Ёлю менш чым на адзін працэнт.

Кім жа быў міністрам у ўрадзе Юн Сок Ёля. Лі падчас перадвыбарчай кампаніі абвінавачваў Кіма і яго паплечнікаў па партыі «Грамадзянская сіла» ў тым, што яны спрыялі спробе Юна ўвесці ваеннае становішча, а затым спрабавалі дапамагчы прэзідэнту ўтрымацца ва ўладзе.

Прэзідэнт Юн Сок Ёль 3 снежня мінулага года спрабаваў увесці ваеннае становішча, загадаўшы вайскоўцам узяць пад кантроль парламент. Спроба правалілася, выклікаўшы найглыбейшы палітычны крызіс у краіне.

14 снежня парламент, у якім большасць месцаў належыць апазіцыі, прагаласаваў за імпічмент Юна, 15 студзеня ён са спробы быў арыштаваны, а 4 красавіка Канстытуцыйны суд пацвердзіў імпічмент, пасля чаго былі прызначаныя пазачарговыя прэзідэнцкія выбары.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула