БЕЛ Ł РУС

Прэзідэнтам Паўднёвай Карэі становіцца Лі Чжэ Мён

3.06.2025 / 15:47

Nashaniva.com

Сёння ў Паўднёвай Карэі прайшлі датэрміновыя выбары.

Фота: Woohae Cho/Getty Images

Наступным прэзідэнтам Паўднёвай Карэі стане Лі Чжэ Мён ад ліберальнай «Дэмакратычнай партыі», вынікае з вынікаў экзітполаў, перадае Reuters. Падлік галасоў ужо пачаўся, афіцыйныя вынікі чакаюцца вечарам у аўторак або раніцай у сераду.

Лі Чжэ Мён лічыўся фаварытам, а Кім Мун Су быў кандыдатам ад кансерватыўнай партыі адхіленага прэзідэнта Грамадзянская сіла».

Лі, паводле апошніх перадвыбарчых апытанняў, апярэджваў Кіма на 10—14%, і яго падтрымліваюць да паловы выбаршчыкаў. У выбарах бралі ўдзел яшчэ тры кандыдаты.

Выбары праходзяць у адзін тур, то бок той, хто атрымае простую большасць, адразу становіцца прэзідэнтам і кіраўніком выканаўчай улады ў Паўднёвай Карэі.

Лі Чжэ Мён удзельнічаў і ў папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах у 2022 годзе і прайграў Юн Сок Ёлю менш чым на адзін працэнт.

Кім жа быў міністрам у ўрадзе Юн Сок Ёля. Лі падчас перадвыбарчай кампаніі абвінавачваў Кіма і яго паплечнікаў па партыі «Грамадзянская сіла» ў тым, што яны спрыялі спробе Юна ўвесці ваеннае становішча, а затым спрабавалі дапамагчы прэзідэнту ўтрымацца ва ўладзе.

Прэзідэнт Юн Сок Ёль 3 снежня мінулага года спрабаваў увесці ваеннае становішча, загадаўшы вайскоўцам узяць пад кантроль парламент. Спроба правалілася, выклікаўшы найглыбейшы палітычны крызіс у краіне.

14 снежня парламент, у якім большасць месцаў належыць апазіцыі, прагаласаваў за імпічмент Юна, 15 студзеня ён быў арыштаваны, а 4 красавіка Канстытуцыйны суд пацвердзіў імпічмент, пасля чаго былі прызначаныя пазачарговыя прэзідэнцкія выбары.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула