У Маскве сярод белага дня на вачах паліцыі кадыраўцы выкралі чалавека. Дзе ён цяпер, ніхто не ведае
У самым цэнтры Масквы — на Яраслаўскім вакзале — сярод белага дня невядомыя сілай запіхнулі блогера Арэга Шчэпіхіна ў багажнік «мерседэса» з мігалкамі і спецыяльнымі нумарамі. Пазней машыну спыніла паліцыя, але самога Шчэпіхіна там ужо не было. Расійскія ўлады пакуль афіцыйна інцыдэнт не каментуюць.
У Маскве на Яраслаўскім вакзале некалькі мужчын сілай павалаклі 40-гадовага блогера Арэга Шчэпіхіна праз будынак і запхнулі яго ў багажнік чорнага «мерседэса» з мігалкай і нумарамі серыі АМР (такія часта выкарыстоўваюцца сілавікамі).
Мужчына, якога неслі, крычаў і клікаў на дапамогу паліцыю.
Відавочцы фіксавалі ўсё на відэа, але не перашкаджалі. Паліцыя, хоць і прысутнічала, у сітуацыю таксама не ўмяшалася.
«База» паведамляе, што Шчэпіхін раней выкладваў у сеціва ролікі, у якіх абражаў мусульман і чачэнцаў, у прыватнасці. Мяркуецца, што гэта і стала прычынай «затрымання».
Канал «ВЧК-ОГПУ» выказвае меркаванне, што хутка афіцыйна аб’явяць, што гэта было не «выкраданне», а «аператыўнае затрыманне» чачэнскімі паліцыянтамі па падазрэнні ў распальванні варожасці.
Машыны, што фігуруюць на відэа, звязаныя з блізкім колам Кадырава.
Пасля спынення аўтамабіля на Кіеўскай шашы паліцыя затрымала двух асобаў, але Шчэпіхіна ў салоне ўжо не было. Ягоны лёс — невядомы.
Чытайце таксама:
Чатыры жонкі Рамзана Кадырава, якія нарадзілі яму 14 дзяцей: хто яны