БЕЛ Ł РУС

У баях на Данбасе ва ўкраінскі палон трапіў 54-гадовы беларус Сяргей

4.06.2025 / 13:21

Nashaniva.com

Падчас баёў каля пасёлка Пятроўка Данецкай вобласці на Пакроўскім кірунку ва ўкраінскі палон трапіў грамадзянін Беларусі Сяргей Кузьменка, які ваяваў на баку Расіі.

Як паведамілі «Свабодзе» ў дзяржаўным украінскім праекце «Хачу жыць», якім займаецца Каардынацыйны штаб па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі, «Сяргей Анатольевіч Кузьменка трапіў у палон у траўні».

Да кантракту з расійскай арміяй ён жыў у расійскім горадзе Яраслаўль. Ваяваў стралком у другім батальёне 102-га мотастралковага палка 150-й дывізіі, якую пасля баёў пад Марыупалем фактычна давялося цалкам аднавіць — тады ў першыя дні поўнамаштабнага ўварвання Расіі ўкраінскія сілы знішчылі мінімум 7 тактычных батальёнаў дывізіі. Падраздзяленні 150-й мотастралковай дывізіі дыслакуюцца ў Растоўскай вобласці Расіі.

Паводле інфармацыі праекта «Хачу жыць», Сяргей Кузьменка, хоць і жыў у Расіі, меў беларускі пашпарт.

Сяргей Кузьменка нарадзіўся 22 ліпеня 1971 года. Ён служыў у званні радавога. У Беларусі жыве яго 81-гадовая маці Лідзія Кузьменка.

Дэталі падпісання яго кантракту з расійскай арміяй невядомыя. У раней апублікаваных спісах беларусаў, якія ваююць на баку Расіі, яго прозвішча не значылася.

З улікам Сяргея Кузьменкі цяпер ва ўкраінскім палоне знаходзяцца 8 грамадзян Беларусі. Раней у палон трапілі: Іван Шабунька, Сяргей Шустаў, Андрэй Лапатнёў, Яўген Камянькоў, Артур Яфрэмаў, Міхаіл Шалгун, Мікалай Жураўлёў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула