БЕЛ Ł РУС

Ціханоўская: Яны не хочуць перамоў, яны хочуць, каб мы добраахвотна пайшлі ў турмы

4.06.2025 / 20:11

Nashaniva.com

Святлана Ціханоўская ў інтэрв'ю польскаму выданню Rzeczpospolita заявіла, што беларускія дэмакратычныя сілы адкрыты да канструктыўных кантактаў з прадстаўнікамі рэжыму.

Святлана Ціханоўская. Фота: ОСЦ

Па яе словах, дэмакратычныя сілы гатовыя да перамоў з рэжымам, нават калі яны адбудуцца за зачыненымі дзвярыма.

«Мы заўсёды вітаемся з прадстаўнікамі рэжыму ў розных установах, напрыклад, у ААН або ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.

Яны рэагуюць на гэта па-рознаму — некаторыя адказваюць, некаторыя не. У Ватыкане наша дэлегацыя размаўляла з прадстаўнікамі рэжыму, але змест гэтай гутаркі застанецца ў сценах Святога Пасаду. Мы адкрытыя для дыялогу з рэжымам Лукашэнкі. Назапасілася шмат тэмаў для абмеркавання», — сказала яна.

Палітык лічыць, што Лукашэнка пры гэтым неабавязкова павінен знаходзіцца на такіх перамовах — ён можа даручыць іх ураду.

«Мы часта звяртаемся да [досведу] польскага Круглага стала, таму што ён для нас добры прыклад. Але рэжым гэтага не хоча. Яны хочуць нашай капітуляцыі — каб мы схілілі калені і добраахвотна пайшлі ў турмы. Гэтага не будзе. Лукашэнка ўжо цяпер мог бы пачаць перамовы, вызваліўшы 1200 палітычных зняволеных. Ён мог бы спыніць рэпрэсіі. Дастаткова не саджаць кожны дзень па некалькі чалавек у турмы».

Яна таксама адказала на пытанне польскага журналіста пра скандалы ў беларускай апазіцыі, у тым ліку аб знікненні Анжалікі Мельнікавай. «Такое жыццё. Людзі аб'ядноўваюцца, але і сыходзяць». Ціханоўская не ведае, дзе знаходзіцца Мельнікава, і не захацела спекуляваць на гэту тэму.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула