БЕЛ Ł РУС

На Віцебшчыне пенсіянеркі паставілі мемарыял уласнай вёсцы на могілках — канцэпт ацанілі не ўсе

5.06.2025 / 13:56

Nashaniva.com

Пенсіянеркі Марыя і Святлана нарадзіліся ў вёсцы Жарнеўка, што ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці. Цяпер яна, як і многія іншыя вёскі, што квітнелі ў мінуўшчыне, трапіла ў лік паміраючых. Жанчыны вырашылі ўшанаваць памяць пра родны кут, і ўсталявалі мемарыяльную дошку ў яго гонар — на могілках.

«У вёсцы ўжо ніхто не пражывае, і мы занеслі з Марыяй Сідараўнай усе дамы і імёны-прозвішчы жыхароў, хто тут пражываў. Паказалі дарогу, дзе была пачатковая школа. Дарогу на Ляхаўку, Красуліна», — расказвае Святлана Мухіна ў тыктоку.

@user9367766087383

Жарневка-малая родина.

♬ оригинальный звук - Светлана Мухина

Таксама на мемарыяле адзначаныя месцы, дзе стаялі калодзежы, ферма, на мапе паказаны і шлях да могілак.

Уласна на іх і паставілі мемарыяльную дошку.

«Хацела ля студні зрабіць у вёсцы, але дзяўчаты сказалі, лепей мы зробім на могілках: там, можа, перааруць зямлю. А тут людзі, хто прыязджае на могілкі, заўсёды пабачаць».

Помнік зрабілі па-руску.

Дадаткова жанчыны плануюць размясціць побач дзве шыльды — адну з гісторыяй стварэння вёскі, другую — з тымі, хто за яе змагаўся:

«Так мы шануем памяць продкаў і сваю малую радзіму».

Так мемарыял выглядае цяпер. Скрыншот: тыкток Святланы Мухінай

Праўда, далёка не ўсе ацанілі падобны спосаб увекавечвання памяці:

«Жахліва, помнік сялу на могілках»; «Без магiльнай плiты гэты помнiк выглядаў бы не так жудасна»; «Усіх жыхароў пахавалі», — крытыкуюць каментатары.

Многія пісалі, што было б лепш паставіць помнік ля студні, а не на могілках.

«Памянеце тых, каго забралі ў ГУЛАГ і расстралялі НКВД?» — задаецца пытаннем адзін з карыстальнікаў. «У нас у вёсцы не было здраднікаў і шасцёрак, таму ГУЛАГ і НКВД не пра Жарнеўку! А колькі сем'яў забралі ў Германію — напішам на шыльдзе», — адсякае аўтарка праекта.

Людзі таксама задаюцца пытаннем, ці быў узгоднены праект з уладамі: ці законна ўсталёўваць такія помнікі самавольна.

Але вялікая частка каментатараў падтрымала патрыятычны імпэт жанчын:

«Якія малайцы! У маёй роднай вобласці такія неабыякавыя жанчыны — гонар бярэ!»; «Нізкі паклон вам»; «Шкада, што гэтым займаюцца не тыя, хто мусіць займацца»; «Клас, трэба такое ў кожнай вёсцы».

Чытайце таксама:

Загадкавая 8-метровая металічная скульптура з'явілася ў Валожыне

У Заслаўі да Дажынак зачышчаюць гістарычную забудову, якую бралася ахоўваць дзяржава

З радавога гнязда ў Сяхновічах прыбралі бюст Касцюшкі. Замест экспазіцыі пра героя — зала генацыду беларускага народа

Каментары да артыкула