Вільня: Беларускія памежнікі маглі парушыць мяжу, зайшоўшы на тэрыторыю Літвы
Памежнікі заставы імя Юргіса Кібартаса, што адносіцца да Віленскага памежнага атрада, зафіксавалі магчымы факт парушэння дзяржаўнай мяжы з боку Беларусі — пранікненне на тэрыторыю Літвы, паведамляецца ў прэс-рэлізе Службы аховы дзяржаўнай граніцы Літвы, піша LRT.
Увечары ў сераду супрацоўнікі гэтай заставы назіралі трох беларускіх памежнікаў, што ішлі ўздоўж мяжы з боку Беларусі. З літоўскага боку гэта тэрыторыя Віленскага раёна.
Адзначаецца, што на мясцовасці лінія мяжы абазначана цэнтральным палігонаметрычным слупам, па абодва бакі якога ўстаноўлены дзяржаўныя пагранічныя знакі. Трошкі глыбей ад гэтых знакаў, на літоўскай тэрыторыі, размешчаны фізічны бар’ер — плот з калючым дротам, прызначаны для абароны ад незаконнай міграцыі.
Па папярэдніх даных, падчас патрулявання беларускія памежнікі маглі зайсці на тэрыторыю Літвы прыблізна на 2 метры і адразу ж вярнуцца назад у Беларусь.
У Віленскім памежным атрадзе збіраюцца матэрыялы, удакладняюцца абставіны і вырашаецца пытанне аб пачатку дасудовага расследавання па факце незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы.