Беларус запусціў дабрачынны флэшмоб у падтрымку дзяўчынкі з Беластока
Алесь Кудрыцкі, аўтар кнігі «Казік з Каменнай Горкі», запусціў флэшмоб у падтрымку дабрачыннага збору для дзяўчынкі з Беластока. Такім чынам ён прапануе не проста дапамагчы дзіцяці, але і паказаць палякам салідарнасць беларусаў, нягледзячы на пагаршэнне стаўлення да іншаземцаў, піша Most.
Алесь Кудрыцкі
«Лаві пяць ад Вольнай Беларусі»
Ідэю флэшмобу Алесь Кудрыцкі агучыў у Facebook.
«Я выпадкова пабачыў на Siepomaga (платформа для збору сродкаў.— Most) аб’яву дзяўчынкі Касі з Беластока. Бацькі збіраюць ёй на курс рэабілітацыі — каб навучыць яе лепей хадзіць […]. Грошы трэба адносна невялікія, але дапамога будзе дарэчы. Прапаную пералічыць хоць бы невялікую суму для падтрымкі Касі і падпісаць яе так: Piąteczka od wolnej Białorusi! («Лаві пяць ад Вольнай Беларусі!»)», — напісаў ён.
Агульны подпіс дазволіць адрозніць беларускія ахвяраванні ад іншых у агульным спісе данатаў.
Па словах аўтара, мэта такога флэшмобу не толькі дапамагчы дзіцяці, але і прадэманстраваць палякам сваю салідарнасць:
«Зараз шмат абмеркаванняў пра пагаршэнне стаўлення да чужаземцаў у Польшчы — дык хочацца даць на гэта асабісты адказ з пазіцыі не крыўды, але любові».
У каментарыях да паста ўдзельнікі флэшмобу пакідаюць плюсікі — гэта дапаможа пазней падлічыць, колькі ўдалося сабраць менавіта дзякуючы беларускай ініцыятыве.
Кася з нараджэння мела патрэбу ў медыцынскай дапамозе
sepomaga.pl
Гісторыя маленькай Касі з Беластока размешчана на сайце Siepomaga. Яна нарадзілася на 30-м тыдні цяжарнасці і з самага нараджэння мела патрэбу ў медыцынскай дапамозе. У 2023 годзе ёй правялі аперацыю на тазасцегнавым суставе і ўсталявалі металічную пласціну, якую неўзабаве трэба будзе выдаліць. Пасля гэтага спатрэбіцца інтэнсіўная трохтыднёвая рэабілітацыя ў варшаўскім цэнтры Olinek, дзе дзяўчынка ўжо дасягнула значнага прагрэсу раней.
Усяго для Касі зараз сабрана каля 2191 злоты (511 еўра — гэта ўсе данаты, а не толькі беларускія, ці 19% ад неабходнай сумы ў 11490 злоты — 2680 еўра)