Жыхара Клецка асудзілі за выкраданне мігрантаў і вымаганне з іх грошай
У Мінску вынеслі прысуд раней не судзімаму 32-гадоваму жыхару Клецка. Яго абвінавацілі ў выкраданні двух замежнікаў і вымаганні грошай у іх родных, піша агенцтва «Мінск-Навіны».
Фота ілюстрацыйнае
Двое замежных грамадзян прыехалі ў Мінск, каб праз Беларусь трапіць у Еўропу. Жылі яны ў здымнай кватэры. Аднойчы яны папрасілі свайго «куратара» выклікаць таксі, каб паехаць на рынак. Але замест рынку таксі падвезла мужчын да дома на вуліцы Асіпенкі, дзе іх сустрэў незнаёмы мужчына і запрасіў у кватэру.
Там ён замкнуў дзверы, адабраў у гасцей тэлефоны, пачаў іх збіваць і пагражаць, патрабуючы амаль 54 тысячы рублёў у пераліку з індыйскіх рупій. Мужчына звязаў замежнікаў, заткнуў ім рты майкамі, паставіў на калені і патэлефанаваў іх сваякам з патрабаваннем пералічыць грошы.
Пры гэтым ён біў сваіх палонных, наступаў на шыі, прыкладаў нож і ўжываў электрычны ток, закранаючы аголеным дротам іх целы. Усё гэта ён здымаў на відэа. Выпусціў закладнікаў толькі позна ўначы.
На судзе абвінавачаны не прызнаў сваёй віны і сцвярджаў, што дзейнічаў нібыта па просьбе «куратара» мігрантаў, які быў яму павінен вялікую суму і папрасіў дапамагчы яе спагнаць з мігрантаў. Паводле слоў мужчыны, нават відэа былі пастаноўкай, а самі іншаземцы нібыта згадзіліся ў ёй удзельнічаць.
Тым не менш, суд прызнаў абвінавачанага вінаватым у выкраданні людзей і вымаганні і прызначыў пакаранне — 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 200 базавых велічынь (8 400 рублёў). Праўда, паводле закона аб амністыі адзін год з гэтага тэрміну яму быў адразу скасаваны.
Чытайце таксама:
Не баяцца ні бога ні чорта. Як тайныя пакупнікі кашмараць крамы пад Мінскам
Гарадзенца асудзілі на 13 гадоў за вымаганне ў айцішніка крыптавалюты на мільярд рублёў
У Гомелі двое гастарбайтараў-беларусаў катавалі таварыша прасам