Эдуарда Малафеева не запрасілі на адкрыццё Нацыянальнага стадыёна
Праслаўленага беларускага трэнера не запрасілі на адкрыццё Нацыянальнага стадыёна ў Мінску, якое павінна прайсці сёння вечарам.
Эдуард Малафееў. Фота: Спорт Беларусі
«Тэлефанаваў Эдуард Малафееў. Яго не запрашаюць на афіцыйнае адкрыццё Нацыянальнага стадыёна. У федэрацыі сказалі, што выкраслены са спісу. Кім, што, чаму — незразумела. Вось такі вось футбол, аднак…
Хочацца верыць, што гэта непаразуменне. Ці тое, што пакуль яшчэ можна выдаць за непаразуменне», — прыводзіць словы журналіста Руслана Васільева тэлеграм-канал «Спорт Беларусі».
Адкрыццё Нацыянальнага стадыёна, які ўзводзіўся некалькі гадоў, павінна прайсці сёння вечарам. Будзе некалькі ўрачыстых мерапрыемстваў, а таксама матч моладзевых футбольных зборных Беларусі і Кітая.
Эдуард Малафееў — вядомы футбаліст і трэнер, які прывёў мінскае «Дынама» ў 1982 годзе да залатых медалёў у чэмпіянаце СССР, трэніраваў зборную СССР па футболе. 2 чэрвеня Эдуарду Васільевічу споўнілася 83 гады.