БЕЛ Ł РУС

Зяленскі: Кіроўцы фур, з якіх атакавалі вайсковыя аэрадромы ў Расіі, не ведалі пра аперацыю «Павуцінне»

7.06.2025 / 10:52

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны ў інтэрв’ю ABC News распавёў пра аперацыю СБУ, ад якой 1 чэрвеня пацярпелі аэрадромы.

Дроны вылятаюць з адной з фур. Скрын відэа

Паводле яго слоў, кіроўцы грузавікоў, якія перавозілі «мабільныя дамы» і іншыя кантэйнеры, не ведалі, што ўнутры іх знаходзяцца беспілотнікі.

Зяленскі дадаў, што Украіна выкарыстоўвала ў гэтай аперацыі толькі зброю ўласнай вытворчасці — гэта было прынцыпова важным момантам. Заходняя тэхніка не прымянялася.

«Я вельмі хацеў выкарыстоўваць толькі тое, што мы вырабляем, і каб падзел быў вельмі выразны», — сказаў Зяленскі.

Аперацыя «Павуцінне»

У першы дзень чэрвеня Служба бяспекі Украіны атакавала дронамі адразу чатыры расійскія аэрадромы стратэгічнай авіяцыі — «Белая», «Дзягілева», «Аленья» і «Іванава». Гэтая гістарычная і беспрэцэдэнтная аперацыя атрымала назву «Павуціна». Яе рыхтавалі паўтара года.

Паводле афіцыйных звестак, у ходзе аперацыі ўдалося паразіць прынамсі 41 стратэгічны самалёт РФ, у тым ліку Ту-95, Ту-22М3 і А-50. Страты для Расіі ацэньваюцца прыкладна ў 7 мільярдаў даляраў.

Пасля аперацыі «Павуцінне» расіяне змаглі задзейнічаць для атакі на Украіну толькі 7 бортаў стратэгічнай авіяцыі, з якіх выпусцілі 36 ракет Х-101.

Чытайце таксама:

Зяленскі расказаў, чыя зброя выкарыстоўвалася ў аперацыі «Павуцінне»

«Мы ж не ведалі, што там знаходзіцца аэрадром». Беларус Антон Мацкевіч патлумачыў, чаму спрабаваў спыніць украінскія дроны з фуры

«Мы кідалі камяні, каб яны не ўзляталі». Адным з тых, хто спрабаваў спыніць дроны, што выляталі з фур, быў беларус Антон

Кіроўцы фур з дронамі, што атакавалі расійскія аэрадромы, расказалі, хто і навошта іх наняў

Каментары да артыкула