У Лос-Анджэлесе ўспыхнулі пратэсты з-за рэйдаў іміграцыйнай службы
Увечары 6 чэрвеня ў Лос-Анджэлесе на поўдні штата Каліфорнія адбыліся пратэсты з-за маштабных рэйдаў службы іміграцыі ICE, піша Бі-бі-сі.
Фота: Jae C. Hong / AP
Раней у той жа дзень ICE, якая займаецца затрыманнем і дэпартацыяй нелегальных мігрантаў, затрымала 44 чалавекі, яшчэ аднаго — за супраціў агентам.
Відавочцы паведамлялі, што інспектары ICE падчас рэйдаў выкарыстоўвалі слёзацечны газ і светлашумавыя гранаты. Пасля гэтага ў цэнтры горада сабралася больш за 300 пратэстоўцаў, якія асудзілі жорсткія метады ICE.
Рэйды па затрыманні мігрантаў праходзяць у шэрагу гарадоў ЗША ў рамках маштабнай кампаніі прэзідэнта Дональда Трампа па барацьбе з нелегальнай іміграцыяй.
Паліцыя Лос-Анджэлеса заклікала пратэстоўцаў разысціся да сямі вечара, але абстаноўка працягвала напружвацца. Сутыкненні адбыліся, у тым ліку, каля федэральнага будынка. Пасля таго як праціўнікі рэйдаў, паводле слоў паліцыі, пачалі кідацца кавалкамі бетону, праваахоўнікам было дазволена выкарыстанне «нелятальных сродкаў».
На кадрах з пратэстаў відаць, што паліцыя збівае пратэстоўцаў дубінкамі і ўжывае слезацечны газ. Беспарадкі ў цэнтры горада працягваліся і пасля апоўначы.