У Пінску мужчына рамантаваў машыну, а тым часам запчасткі ад яе здавалі ў металалом
У Пінскі ГАУС звярнуўся 37-гадовы мужчына, які паведаміў, што з ягонага двара знікла стойка кузава аўтамабіля коштам больш за 170 рублёў. Прытым гэтым урэшце справа не абмежавалася.
Скрыншот з відэа
Як высветлілі супрацоўнікі крымінальнага вышуку, стойку скраў 56-гадовы беспрацоўны мясцовы жыхар, які ўжо быў вядомы міліцыі. Ён заўважыў на тэрыторыі прыватнага дома разабраны аўтамабіль і, пакуль гаспадар быў на працы, вынес стойку і здаў яе на металалом.
Праз некалькі дзён, вырашыўшы, што самастойна цягнуць другую стойку цяжка, ён прыйшоў зноў ужо з 58-гадовым знаёмым. З ім разам яны ўкралі другую стойку і таксама здалі яе на металалом. Грошы, атрыманыя за крадзены метал, мужчыны патрацілі на свае патрэбы.
Міліцыя цяпер правярае іх на датычнасць да іншых падобных злачынстваў.
Як паведамілі ў пінскай міліцыі, з пачатку года зарэгістраваныя ўжо 43 такія выпадкі, з якіх 39 раскрыты. Метал крадуць не толькі з прадпрыемстваў, але і з прыватных участкаў. Асноўная прычына — бестурботнасць саміх людзей: любая пакінутая без нагляду рэч можа стаць аб’ектам злачынства.
Чытайце таксама:
Бабуля скрала забытую торбу з музычнай апаратурай, каб зрабіць падарунак унуку