БЕЛ Ł РУС

Маладога выпускніка Акадэміі МУС асудзілі па рэдкім артыкуле — за «парушэнне аховы дзяржаўных сакрэтаў»

8.06.2025 / 14:59

Nashaniva.com

Імя Антона Табашнікава з'явілася ў спісе «экстрэмістаў». Яму магло пагражаць да трох гадоў калоніі.

Антон Табашнікаў. Фота з ягонай старонкі «Укантакце»

Антону Табашнікаву 28 гадоў. Родам ён з Пінска. У 2014 паступіў у Акадэмію МУС. Табашнікаў вучыўся па спецыяльнасці «правазнаўства» на кафедры адміністратыўнай дзейнасці органаў унутраных спраў факультэта міліцыі.

У інтэрв'ю газеце «На страже» ён казаў, што ішоў у ВНУ мэтанакіравана, каб стаць ваенным юрыстам. Пры паступленні ён набраў больш за 300 балаў, вучыўся на дзявяткі, займаўся спортам, пісаў для міліцэйскіх газет і ўдзельнічаў у канферэнцыях. Антон казаў, што будзе праходзіць размеркаванне ў юрыдычным аддзяленні адной з вайсковых часцей.

Антон Табашнікаў падчас вучобы ў акадэміі. Фота з газеты «На страже»

Невядома, што было далей — хлопец зусім не вядзе сацсеткі. Але Табашнікаў паралельна, у 2022, скончыў Інстытут бізнэсу БДУ па спецыяльнасці «бізнэс-адміністраванне».

Апошні раз ён быў анлайн на сваёй пустой старонцы «Укантакце» 31 ліпеня 2024 года. У тэлеграме Антон не анлайн «вельмі даўно» — мінімум некалькі месяцаў.

Дата суда і сутнасць справы невядомыя, але абвінавачанне гучыць так — «парушэнне патрабаванняў па ахове дзяржаўных сакрэтаў» (артыкул 375-2 Крымінальнага кодэкса).

Напрыклад, па такім артыкуле могуць асудзіць, калі чалавек выехаў за мяжу, але не паведаміў пра гэта загадзя і «незаконна перамясціў» дзяржаўныя сакрэты, носьбітам якіх ён з'яўляецца, за мяжу.

Паколькі па артыкуле не так шмат судовай практыкі і мала канкрэтыкі, цяжка сказаць, што менавіта зрабіў Табашнікаў. Мяркуючы па статусе «адбывае пакаранне» і поўнай неактыўнасці ў сацсетках, ён атрымаў пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі.

Чытайце таксама:

Пяць былых сілавікоў прасілі сваіх калег не быць залішне жорсткімі. Цяпер ім пагражаюць велізарныя тэрміны

Лукашэнка пазбавіў званняў яшчэ больш за 80 былых сілавікоў

Стала вядомае імя мужчыны, затрыманага ў Магілёве за нібыта напад на губазікаўцаў

Каментары да артыкула