Ушчэнт п’яная аўтамабілістка наехала на веласіпедыстку і кінула яе паміраць
У Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці адбылася аварыя — 40-гадовая жанчына, у якой пасля выявілі амаль 2 праміле алкаголю, збіла веласіпедыстку і з'ехала з месца здарэння.
Трагедыя здарылася 7 чэрвеня каля 17:00 на шостым кіламетры дарогі Жодзіна — Дзяніскі. Кіроўца Renault, у крыві якой выяўлена 1,92 праміле алкаголю, рухалася ў бок Жодзіна і здзейсніла наезд на 70-гадовую жанчыну, якая ехала на веласіпедзе ўздоўж праезнай часткі.
Пасля сутыкнення кіроўца не толькі не выклікала хуткую, але і з'ехала з месца здарэння, пакінуўшы пенсіянерку без дапамогі. Атрыманыя траўмы аказаліся смяротнымі — жанчына загінула на месцы. Пазней высветлілася, што і загінулая была нецвярозай.