БЕЛ Ł РУС

Не забудзьце ўпрыгожыць дамы маем. Сёння — Сёмуха

8.06.2025 / 11:36

Nashaniva.com

Тройца ў праваслаўных, Спасланне Святога Духа ў каталікоў і пратэстантаў — сёння святкуюцца ў адзін дзень, бо ў адзін дзень быў Вялікдзень.

Эль Грэка. Спасланне Духа Святога, 1597 год. Захоўваецца ў Museo Nacional del Prado. Фота: Wikimedia Commons

Праваслаўныя сёння святкуюць Дзень Святой Тройцы (Сёмуху) — адно з найвялікшых святаў.

Дзень Святой Тройцы ў праваслаўных адзначаецца ў пяцідзясяты дзень пасля Вялікадня, у нядзелю, таму гэты дзень яшчэ называюць Пяцідзясятніцай або Сёмухай (сем тыдняў пасля Вялікадня).

Спасланне Святога Духа на апосталаў апісана ў Дзеях святых апосталаў. Апосталы знаходзіліся ў Сіёнскай святліцы ў Ерусаліме. Раптоўна пачуўся шум з неба, як бы ад павеву моцнага ветру, і напоўніў увесь дом. І з'явіліся ім языкі падзеленыя, як бы агнявыя, і апусціліся па адным на кожным з іх. Усе споўніліся Духа Святога і сталі славіць Бога на розных мовах, якіх раней не ведалі.

Спасланне Святога Духа на апосталаў і Тройца ў каталікоў і пратэстантаў — гэта два розныя святы. У Праваслаўнай Царкве — адно.

У беларусаў на Сёмуху прынята ўпрыгожваць храмы і хаты бярозавымі галінамі, аерам, травой і кветкамі. Гэтую зеляніну называлі «маем».

Духмянымі травамі высцілалі падлогі, а бярозавыя галінкі ставілі нават у цэрквах. Прыгожая традыцыя, вартая захавання.

Тройца ў прыфрантавым Запарожжы, 2023 год. Фота: AP Photo / Andriy Andriyenko

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула