БЕЛ Ł РУС

Дыпламатычны дарадца Ціханоўскай расказаў, навошта яму званіў Борыс Джонсан

9.06.2025 / 9:0

Nashaniva.com

У новым выпуску «Жыцця-маліны» Дзяніс Кучынскі раскрыў некаторыя падрабязнасці кантактаў з былым прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Борысам Джонсанам.

Борыс Джонсан. Фота: AP Photo / Alberto Pezzali, File

Сярод замежных палітыкаў, з якімі сустракалася Святлана Ціханоўская, быў і Борыс Джонсан — прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі з ліпеня 2019 па верасень 2022 года. Першая сустрэча з палітыкам адбылася 3 жніўня 2021 года.

Як згадвае Кучынскі, гэта сустрэча была вельмі важнай для далейшых міжнародных кантактаў: «Калі ты ўжо сустрэўся на Даўнінг-стрыт з прэм'ер-міністрам [Вялікабрытаніі], ты можаш далей выбудоўваць працу на ўсіх іншых узроўнях».

Другі раз Святлана Ціханоўская сустрэлася з Борысам Джонсанам 7 сакавіка 2023 года.

Сустрэча Джонсана з Ціханоўскай 7 сакавіка 2023 года. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Па словах Кучынскага, падчас сустрэч Джонсан цікавіўся беларускай мовай, тым, наколькі яна падобная да ўкраінскай:

«Мы рабілі параўнанні словаў. Ён пытаецца, як будзе victory. Кажам: «Перамога». — А па-ўкраінску? — «Перемога». — А па-руску? — «Победа». Кажа, як будзе «дзякуй»?»

Кучынскі заўважае, што цікаўнасць да Беларусі ў Джонсана абумоўленая цікаўнасцю да Украіны. Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі быў адным з першых замежных лідараў, які наведаў Кіеў у 2022 годзе, пасля пачатку поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Дыпламатычны дарадца Офіса Ціханоўскай згадвае, што сустракаўся з камандай Джонсана, якая вазіла яго ў Кіеў у 2022-м годзе.

«Яны расказвалі, як адбываўся візіт. Што яны зайшлі ў краму, купілі яму кніжку Цімаці Снайдэра, каб патлумачыць [кантэкст канфлікту]. І ён быў у гэтым вельмі зацікаўлены».

«Мы можам яго ацэньваць па-рознаму як палітыка, але як чалавек, які дбае, — гэта сапраўды важна», — даводзіць Кучынскі і згадвае:

«Я памятаю, калі «Люстэрка» папрасіла дапамогі, каб зрабіць з ім інтэрв'ю, я даў кантакты, мы дамовіліся. [Напярэдадні] было два тэлефанаванні. Спачатку [Джонсан] пазваніў ранкам. Пытаецца, як правільна прамаўляць: «Сяргей Ціханоўскі, Святлана Ціханоўская»?

На ўдакладняючае пытанне, ці гэта быў званок праз асістэнтаў, Кучынкі адказаў, што званіў непасрэдна Борыс Джонсан, з ім ён таксама перапісваецца ў чаце:

«Проста пазваніў ранкам ён наўпрост. Кажа: «Пару фактаў хачу сцвердзіць». І кажа пра Беларусь, пра сітуацыю. Кажа: «Так, я сапраўды хвалююся». Адказваю: «Не хвалюйцеся. Пра вас у Беларусі ведаюць». Ён кажа: «Можа, пасля гэтага інтэрв'ю стане горш». Вельмі класнае пачуцце гумару».

Чытайце таксама:

«Святлана — фантастычная». Калі б Борыс Джонсан быў беларусам, ён прагаласаваў бы за Ціханоўскую

Джонсан — Ціханоўскай: Мы захапляемся адвагай беларускіх ваяроў

Борыс Джонсан згадаў палітвязняў Беларусі і падтрымаў кампанію па іх вызваленні

Каментары да артыкула