Расія заявіла аб уварванні ў Днепрапятроўскую вобласць. Эксперты пацвердзілі баі ў некалькіх сотнях метраў ад мяжы рэгіёна
У нядзелю расійскае Міністэрства абароны заявіла, што падраздзяленні 90-й танкавай дывізіі выйшлі да мяжы з Днепрапятроўскай вобласцю і працягнулі наступ углыб рэгіёна. Паводле карт OSINT-аналітыкаў, на вечар суботы зона баявых дзеянняў у Данецкай вобласці знаходзілася на адлегласці некалькіх сотняў метраў ад мяжы з Днепрапятроўскай вобласцю, піша «Агентство».
Паводле звестак расійскага Міністэрства абароны, «падраздзяленні 90-й танкавай дывізіі групоўкі войскаў «Цэнтр» выйшлі на заходнюю мяжу «Данецкай Народнай Рэспублікі» і працягваюць развіваць наступ на тэрыторыі Днепрапятроўскай вобласці».
Карты OSINT-аналітыкаў пакуль не пацвярджаюць уварвання расійскай арміі ў Днепрапятроўскую вобласць, аднак на іх бачна, што зона баявых дзеянняў знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці да мяжы рэгіёна.
Адлегласць паміж «шэрай зонай», дзе ішлі баі паміж Узброенымі Сіламі Украіны і расійскай арміяй, і мяжой Днепрапятроўскай вобласці складае каля 600 метраў, сведчыць абноўленая раніцай у нядзелю карта блізкага да Міністэрства абароны Украіны OSINT-праекта DeepState. Пры гэтым ад кантралюемай, паводле праекта, расійскімі вайскамі тэрыторыі да мяжы рэгіёнаў застаецца 2 км.
Каля 3 км падзяляюць захопленую Расіяй тэрыторыю і мяжу Днепрапятроўскай вобласці, згодна з картай Інстытута вывучэння вайны (ISW). У апублікаванай у ноч на нядзелю зводцы ISW гаворыцца, што расійскія войскі працягвалі наступленне ў кірунку мяжы з Днепрапятроўскай вобласцю, але пацверджаных поспехаў не дасягнулі.
Пазіцыі Узброеных Сіл Украіны, на якія наступае расійская армія, знаходзяцца ў некалькіх сотнях метраў ад мяжы Данецкай і Днепрапятроўскай абласцей, сведчыць абноўленая ў нядзелю карта фінскага OSINT-праекта BlackBird Group. Паводле карты праекта LiveUAmap, расійскія пазіцыі знаходзяцца на адлегласці крыху больш за 1 км ад мяжы рэгіёнаў.
Z-блогер Юрый Падаляка напісаў, што «па факце мы ўжо выйшлі туды даволі шырокім фронтам». Аднак іншыя Z-каналы ў суботу пісалі пра «адцясненне суперніка практычна да мяжы Днепрапятроўскай вобласці».
Упершыню пра выхад расійскай арміі на мяжу Днепрапятроўскай вобласці 22 мая паведаміў тэлеграм-канал прапагандыста Уладзіміра Салаўёва. Аднак, паводле звестак незалежных экспертаў, на той момант расійскім вайскоўцам да мяжы заставалася прайсці яшчэ некалькі кіламетраў. Пры гэтым OSINT-аналітык Кірыіл Міхайлаў у размове з «Агентством» дапускаў, што выхад расійскіх вайскоўцаў у Днепрапятроўскую вобласць можа адбыцца ў бліжэйшыя тыдні.