Дзяўчына зняла на відэа кампосцер у аўтобусе Брэста. У каментарах гарачая спрэчка — з-за мінчукоў
«Мне падабаецца як жыхары Мінска адмаўляюць існаванне астатніх гарадоў».
Кампосцер у аўтобусе Брэста. Скрыншот відэа: tanya.poland / TikTok
Дзяўчына Таццяна пераехала з Беларусі ў Польшчу. Нядаўна яна прыязджала ў Брэст. У гарадскім аўтобусе дзяўчына запісала ролік, як прабівае кампосцерам талончык.
«Вось такая ў Беларусі тэкналоджыя», — з гумарам падпісала яна.
«Раней успрымалася, як нешта нармальнае, цяпер пасля Польшчы здзіўляе, што ёсць такая сістэма», — напісала дзяўчына.
Відэа сабрала больш за два мільёны праглядаў і 5000 каментароў. Там нечакана разгарнулася спрэчка паміж мінчукамі і жыхарамі іншых гарадоў.
Мінчукі ў каментарах заўважаюць, што даўно не бачылі ўжо такіх кампосцераў: маўляў, толькі ў вёсках і малых гарадах засталіся. «Няма кампосцераў у Беларусі», — даказвалі ў каментарах.
«Усё нармальна, гэта ў вёсках, а не ў Мінску», — адказаў хтосьці.
Жыхары абласных цэнтраў абурыліся.
«У Віцебску, Брэсце, Магілёве таксама такое ёсць. Гэта маленькія гарады? Вёскі?»
«У Гомелі толькі такія і ёсць. А гэта, на хвілінку, самы буйны абласны цэнтр».
«Такая «фігня» ёсць у Наваполацку, горад гэты цяжка назваць вёскай».
«Я жыву ў гэтай вёсцы, якая Брэст называецца», — піша яшчэ адзін каментатар. Але жыхары Брэста дадаюць, што ў іх можна аплаціць праезд і з дапамогай мабільнага дадатку.
«Вы яшчэ кампосцеры ў Гродне не бачылі, у вас ужо хоць наступнае пакаленне. У нас яшчэ «да» сустракаецца. Жалезныя такія. Там трэба на лапку націскаць, каб прабілася».
«Мне падабаецца як жыхары Мінска адмаўляюць існаванне астатніх гарадоў».
«Каментары — гэта чарговы доказ, што Мінск і Беларусь гэта зусім розныя месцы», — падсумаваў адзін з карыстальнікаў.