БЕЛ Ł РУС

Украінскі F-16 збіў расійскі Су-35 дзякуючы дапамозе шведскага самалёта

8.06.2025 / 19:13

Nashaniva.com

Украіна атрымала гістарычную перамогу ў паветры: упершыню ў гісторыі заходні F-16 збіў расійскі знішчальнік Су-35С.

На фота: амерыканскі F-16 (злева), расійскі Су-35 (справа)

Бой адбыўся над паўночным усходам Украіны: у рамках абароны Сумскай вобласці ўкраінскія ВПС выкарыстоўвалі баявыя самалёты для бамбавання расійскіх пазіцый унутры краіны і ў суседняй Курскай вобласці.

У адказ расійскія ВКС накіравалі ў бой свой высокатэхналагічны знішчальнік Су-35, каб збіць украінскія самалёты.

Аднак пілот не ведаў, што трапляе ў засаду: разам з амерыканскім F-16 у паветра падняўся шведскі самалёт Saab 340 AEW&C, які засёк Су-35 яшчэ за 200—300 км да мяжы і перадаў каардынаты F-16, піша інфармаванае нямецкае выданне Bild.

Амерыканскі знішчальнік запусціў ракету AIM-120, і Су-35 быў збіты за 16 км ад мяжы на тэрыторыі Расіі — недалёка ад гарадка Коранева ў Курскай вобласці. Пілот катапультаваўся. Украінскія знішчальнікі вярнуліся на базу без страт.

На платформе X канадскі пілот і авіяэксперт Марк Брукс пахваліў каардынацыю заходніх сістэм узбраення:

«Штука не толькі ў F-16 — сапраўдным геймчэйнджарам стала шведская сістэма AWACS, якая распазнае расійскія самалёты за сотні кіламетраў і накіроўвае ракеты F-16 у рэальным часе. Су-35 нават не ведаў, што яго атакуюць».

Авіяцыйны канал Air Power таксама адзначыў на X гістарычнае значэнне гэтага сутыкнення заходняй і расійскай тэхнікі:

«Калі інфармацыя пацвердзіцца, гэта будзе першы паветраны бой з удзелам украінскага «Вайпера» (F-16). Што яшчэ больш важна: расійскі «Фланкер» быў збіты галандскай мадыфікацыяй F-16AM — мадэллю, якую многія ўжо лічылі састарэлай». Цяпер на ўзбраенні асноўных краін НАТА стаяць ужо самалёты наступнага пакалення, F-35.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула