БЕЛ Ł РУС

Пентагон распаўсюджваў чуткі пра НЛА, каб схаваць распрацоўку сакрэтнай зброі ад СССР

8.06.2025 / 21:21

Nashaniva.com

Амерыканскія ваенныя ў час халодна вайны фабрыкавалі доказы пра іншапланетныя тэхналогіі і дазволілі распаўсюдзіцца чуткам пра НЛА, каб схаваць рэальныя праграмы стварэння сакрэтнай зброі, піша The Wall Street Journal.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: wikipedia.org

Такія эпізоды выявіла каманда Пентагона ў ходзе расследавання шматгадовых заяў аб тым, што Вашынгтон хавае тое, што яму вядома пра жыццё на іншых планетах.

Апісваецца такі выпадак.

У 1980-я гады палкоўнік ваенна-паветраных сіл ЗША наведаў бар непадалёк ад Зоны 51 — звышсакрэтнага аб'екта ў пустыні Невада. Ён перадаў уладальніку бара фатаграфіі таго, што магло быць лятучымі талеркамі. Фатаграфіі з'явіліся на сценах, і ў мясцовых краязнаўчых колах распаўсюдзілася ідэя аб тым, што амерыканскія вайскоўцы таемна тэставалі знойдзеныя іншапланетныя тэхналогіі. Але палкоўнік выконваў заданне па дэзінфармацыі.

Фатаграфіі былі падробленыя, і ў 2023 годзе цяпер адстаўны афіцэр прызнаўся ў зробленым. Усе гэтыя вучэнні былі хітрасцю, каб схаваць тое, што насамрэч адбывалася ў Зоне 51: ваенна-паветраныя сілы выкарыстоўвалі гэтую пляцоўку для распрацоўкі звышсакрэтных знішчальнікаў-невідзімак, якія разглядаліся як найважнейшая перавага ў барацьбе з Савецкім Саюзам. Ваенныя кіраўнікі былі занепакоеныя тым, што праграмы могуць быць раскрытыя, калі мясцовыя жыхары нейкім чынам пабачаць выпрабавальны палёт, скажам, знішчальніка-невідзімкі F-117, самалёта, які сапраўды выглядаў незвычайна. Лепш, калі яны павераць, што ён прыляцеў з Андрамеды.

Гэтыя знаходкі ўяўляюць сабой новы паварот у гісторыі культурнай апантанасці Амерыкі НЛА. На працягу дзесяцігоддзяў пасля таго, як у 1938 годзе радыёперадача «Вайна светаў» Герберта Уэлса выклікала паніку па ўсёй краіне, чуткі аб іншапланетных наведвальніках заставаліся ў асноўным здабыткам таблоідаў, галівудскіх блокбастараў і касцюміраваных канферэнцый у Лас-Вегасе.

Зараз з'яўляюцца сведчанні таго, што намаганні ўрада па распаўсюджванню міфалогіі аб НЛА ўзыходзяць да 1950-х гадоў.

Часам, як у выпадку з падманам у Зоне 51, афіцэры распаўсюджвалі фальшывыя дакументы, каб стварыць дымавую заслону для рэальных праграм стварэння сакрэтнай зброі. У іншых выпадках афіцыйныя асобы дазвалялі распаўсюджвацца міфам аб НЛА, каб перашкодзіць Савецкаму Саюзу выявіць уразлівыя месцы ў сістэмах абароны ядзерных установак. Гісторыі, як правіла, пачыналі жыць сваім уласным жыццём.

Але ўсё яшчэ застаецца пытанне, ці было распаўсюджванне дэзінфармацыі актам мясцовых камандзіраў і афіцэраў або больш цэнтралізаванай праграмай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула