БЕЛ Ł РУС

Мінскую Серабранку чакаюць маштабныя змены

9.06.2025 / 8:15

Nashaniva.com

Будаўніцтва крамаў, шматкватэрных дамоў, кафэ, аўтастаянак і нават станцыі метро — жылы раён Серабранка чакаюць змены.

Гаворка ідзе пра тэрыторыю ў межах вул. Ванеева — праспекта Ракасоўскага — вуліцы Пляханава і Якубава агульнай плошчай 155,9 га, на якой цяпер жывуць больш за 30 тысяч чалавек. Адпаведны горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання прадугледжваецца рэалізаваць у два этапы — да 2030-га і да 2035 года, пішуць «Мінск-навіны».

Дэталі расказала намесніца начальніка ўпраўлення па архітэктуры і будаўніцтве адміністрацыі Ленінскага раёна Марына Смірнова.

Адна з асаблівасцей Серабранкі — недахоп устаноў грамадскага харчавання, дзе можна было б не толькі пасядзець з філіжанкай кавы, але і правесці вольны час у спакойнай абстаноўцы, звярнула ўвагу Смірнова.

У квартале праспекта Ракасоўскага і 2-га Веласіпеднага завулка ў бліжэйшыя пяць гадоў з’явіцца кафэ фармату «драйв». У больш аддаленай перспектыве за тралейбусным паркам узвядуць шматфункцыянальны грамадскі комплекс з лакацыямі грамадскага харчавання, кінатэатрам, крамамі, дзіцячай гульнявой зонай, трэнажорнай залай. Паводле разлікаў горадабудаўнікоў, у 13 новых установах грамадскага харчавання будзе 275 пасадачных месцаў. Пры гэтым плошча гандлёвай сеткі пашырыцца на 1 999 кв. м.

На першым этапе запланавана ўзвесці адзін шматпавярховік на прасп. Ракасоўскага насупраць былога ўнівермага «Палессе» (цяпер «Суседзі»), другі — у канцы вул. Якубава каля Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа.

У наступным на тэрыторыі тралейбуснага парка на вул. Ванеева, якая падлягае трансфармацыі, з’явіцца жылы квартал. Такім чынам, жыллёвы фонд у межах дэталёвага плана павялічыцца на 570 кватэр і вырасце з 675,5 тыс. да 708,8 тыс. кв. м агульнай плошчы.

З новых збудаванняў, якія плануецца ўзвесці ў Серабранцы, вылучым некалькі. Да 2030-га ў 2-м Веласіпедным завулку «прапішацца» пажарнае дэпо, а яшчэ праз пяць гадоў — тры шматузроўневыя паркінгі. Пры гэтым гаражны кааператыў «Свіслач-2008» падлягае зносу з выплатай уладальнікам кампенсацыі па рынкавай вартасці.

Самы рэзанансны аб’ект з’явіцца пры рэалізацыі другога этапа дэталёвага плана на скрыжаванні вул. Ванеева і Трасцянецкай — ст. «Серабранка» чацвёртай лініі метрапалітэна.

— У перспектыве мы ўбачым у гэтым жылым раёне і самы працяглы бульвар з пешаходнымі дарожкамі і малымі архітэктурнымі формамі. Яго добраўпарадкуюць па цотным баку шматкватэрных дамоў праспекта Ракасоўскага паміж плошчай Ванеева і вуліцай Пляханава, — адзначыла суразмоўца.

Некаторыя аб’екты пасля рэканструкцыі зменяць сваё прызначэнне. У прыватнасці, даўно пустуючы дзіцячы сад на прасп. Ракасоўскага, 46, пераабсталююць у адміністрацыйны будынак Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Такі ж на прасп. Ракасоўскага, 38, ператворыцца ў шматфункцыянальны грамадскі аб’ект.

Уздоўж прасп. Ракасоўскага прадугледжваецца добраўпарадкаваць самы працяглы ў жылым раёне бульвар.

Праезд з вул. Пляханава паміж гаражным кааператывам і паліклінікай № 18 набудзе статус завулка з паўнацэнным тратуарам, азеляненнем і асвятленнем.

Не абыдуць увагай і дваровыя тэрыторыі. Паводле меркавання горадабудаўнікоў, іх патэнцыял выкарыстоўваецца не цалкам. Для стварэння больш прывабнай прасторы прадугледжваецца ўладкаванне пляцовак для адпачынку і заняткаў спортам для жыхароў усіх узроставых груп. Праца ў гэтым напрамку будзе праводзіцца паэтапна сумесна з ЖКГ раёна, удакладніла Смірнова.

Грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекта завяршылася 21 мая.

— У цэлым будучыя пераўтварэнні ўспрыняты станоўча, асобныя заўвагі насілі лакальны характар. Напрыклад, адна з жыхарак раёна папрасіла разгледзець магчымасць будаўніцтва дарожкі ад дома састарэлых да веладарожкі. Гучалі і супрацьлеглыя пункты гледжання наконт будаўніцтва, рэканструкцыі, зносу таго ці іншага аб’екта, — распавяла Смірнова.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула