На самай вялікай выспе Беларусі адкрылі экасцежку
У Верхнядзвінскім раёне адкрылі эколага-краязнаўчую сцежку «Таямнічая выспа Ду», паведамляе Мінпрыроды.
Востраў Ду на Асвейскім возеры з’яўляецца самым вялікім востравам Беларусі. Яго плошча ў пяць квадратных кіламетраў параўнальная з памерамі невялікіх гарадоў краіны, напрыклад, горадам Туравам.
Адкуль паходзіць старажытная назва Ду (цяпер востраў на картах абазначаецца назвай Востраў), дакладна невядома. Па адной з версій назва Ду звязана з першымі мясцовымі жыхарамі — фіна-вугорскімі плямёнамі, у перакладзе на сучасную мову «Ду» азначае «возера». Згодна з іншай версіяй, на востраве існавала балцкая вёска Ду, назва ў такім разе перакладаецца як «два».
Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму гэты востраў быў заселены людзьмі і нават меў усё неабходнае для адносна камфортнага жыцця: краму, клуб, электрастанцыю і пачатковую школу. Да пачатку 1970-х гадоў тут існавала вёска з аднайменнай назвай Востраў. Сёння на востраве не засталося ані следу былой прысутнасці чалавека. Востраў мае статус заказніка, тут жывуць дзікія жывёлы, такія як ласі, алені і янотападобныя сабакі, а таксама мноства птушак.