У Беларусі ўводзяць новыя валютныя абмежаванні
У Беларусі ўлады плануюць увесці шэраг абмежаванняў, якія закрануць валютныя аперацыі, рэкламу і рынак нерухомасці. Адпаведны законапраект 9 чэрвеня прайшоў першае чытанне ў Палаце прадстаўнікоў.
Адна з галоўных прапаноў — забараніць пазыкі ў замежнай валюце паміж фізічнымі асобамі, акрамя выпадкаў, калі гэта блізкія сваякі. Таксама хочуць забараніць браць пазыкі пад заклад адзінага жылля, напрыклад, кватэры ці дома. Акрамя таго, плануецца абмежаваць памер штрафаў і працэнтаў па такіх дагаворах пазыкі.
Яшчэ адна ініцыятыва — забараніць індывідуальным прадпрымальнікам і арганізацыям, якія не з’яўляюцца мікрафінансавымі, выдаваць крэдыты фізічным асобам. Выключэнне — толькі для крэдытаў, якія выдаюцца наймальнікамі сваім супрацоўнікам.
Таксама прапануецца забараніць выкарыстанне ў рэкламе слоў накшталт «пазыка», «мікрапазыка», «грошы ў доўг» — калі рэкламадаўца не з’яўляецца мікрафінансавай арганізацыяй.
У Палаце прадстаўнікоў тлумачаць, што гэтыя меры павінны абараніць грамадзян ад празмернай запазычанасці і павысіць давер да афіцыйных фінансавых структур. Як адзначыў старшыня парламента Ігар Сергеенка, дзяржава павінна прадухіляць фінансавыя праблемы грамадзян.
Цяпер законапраект чакае другое чытанне, потым яго разгледзіць Савет Рэспублікі і падпіша Лукашэнка.
Чытайце таксама:
Увялі новыя правілы, якія рэгулююць гульнявы бізнэс