У Гомелі мужчына дапамог данесці хворага да машыны хуткай дапамогі, а ў працэсе абакраў яго
У Гомелі адбыўся інцыдэнт, які выглядае як сцэнар да дэтэктыўнага фільма. Малады мужчына, нібыта з добрых намераў, дапамог брыгадзе хуткай дапамогі занесці хворага з кватэры ў машыну, але між тым скарыстаўся з сітуацыі і ўкраў банкаўскую карту пацярпелага, піша выданне «Белка».
Фота ілюстрацыйнае
Адбылося гэта 19 кастрычніка мінулага года. Пацыенту было кепска, але ён усё ж схадзіў у краму па мінералку, вярнуўся дадому і паклаў картку ў прыхожай. Пасля выклікаў хуткую і паведамiў пра гэта дачцэ. Калі ж фельчарка папрасіла знайсці на вуліцы добраахвотніка, каб дапамагчы данесці хворага, у двары знайшоўся гатовы дапамагчы хлопец.
Аднак пакуль усе былі занятыя хворым, ён скарыстаўся з мітусні і прысабечыў картку. Цягам наступнага тыдня ён зрабіў з яе амаль 100 транзакцый: набываў ежу, алкаголь, цыгарэты, аплачваў цырульню, купляў вопратку і нават раздаваў чаявыя. Усяго было выдаткавана больш за 2000 рублёў. Пры гэтым пацярпелы, які знаходзіўся ў бальніцы, пра крадзеж нават не падазраваў.
Калі картку заблакавалі, то зламыснік паспрабаваў яшчэ нешта купіць, але безвынікова, і тады проста выкінуў яе. Аднак на гэтым ягоныя прыгоды не скончыліся — неўзабаве ён украў бутэльку гарэлкі ў краме, але быў заўважаны. Уцякаючы ад ахоўніка, разбіў бутэльку і ўрэшце трапіў у міліцыю.
Суд у выніку прызнаў хлопца вінаватым у крадзяжы праз мадыфікацыю камп’ютарнай інфармацыі і ў паўторым рабунку. Яму прызначылі трохмесячны арышт і абавязалі вярнуць усе выкрадзеныя грошы на працягу двух тыдняў.
Чытайце таксама:
Бабуля скрала забытую торбу з музычнай апаратурай, каб зрабіць падарунак унуку
Гарадзенка скрала пад камерамі ў краме цукеркі
Віцебская бухгалтарка перавяла сабе на картку больш за 270 тысяч рублёў. Праўда, не для сябе
Хлопцам, якія забралі мяч з дарогі, пагражаюць 4 гадамі зняволення