Расіяне нанеслі масіраваны ўдар па Кіеве і Адэсе
У выніку масіраванай атакі расійскіх беспілотнікаў на Кіеў зафіксаваныя пашкоджанні ў некалькіх раёнах украінскай сталіцы — Дняпроўскім, Шаўчэнкаўскім, Падольскім, Дарніцкім і Абалонскім.
Паводле звестак мэра Кіева Віталя Клічко, у некалькіх месцах узніклі пажары, у тым ліку ў жылых дамах і нежылых памяшканнях. У Дарніцкім раёне медыкі аказалі дапамогу на месцы аднаму пацярпеламу.
Медыкі таксама шпіталізавалі аднаго пацярпелага ў Абалонскім раёне сталіцы. У Шаўчэнкаўскім раёне ўзнік пажар у будынку бізнес-цэнтра, у Саламеянскім раёне — пажар у шматпавярховым доме.
Паводле даных уладаў, акрамя дронаў, Кіеў атакуюць балістычнымі ракетамі.
Паводле інфармацыі кіраўніка Кіеўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Цімура Ткачэнкі, у Шаўчэнкаўскім раёне гарыць жылы дом. Пацярпела жанчына, ёй аказалі дапамогу.
«Вораг атакуе мірныя населеныя пункты. Пашкоджаныя прыватныя дамы, гараць аўтамабілі. Больш падрабязная інфармацыя пазней», — напісаў кіраўнік абласной адміністрацыі Мікалай Калашнік.
Як мінімум адзін чалавек загінуў і чацвёра пацярпелі ў выніку атакі расійскіх беспілотнікаў на Адэсу, паведамляюць мясцовыя ўлады.
«Разбураныя і пашкоджаныя жылыя дамы ў цэнтры Адэсы. Загінуў 59-гадовы мужчына. Выказваю шчырыя спачуванні родным і блізкім. Паводле папярэдніх дадзеных, чацвёра чалавек пацярпелі. Медыкі аказваюць ім усю неабходную дапамогу», — напісаў у тэлеграме кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер.
Акрамя таго, паводле ягоных звестак, цалкам разбураны адміністрацыйны будынак станцыі экстраннай медыцынскай дапамогі — на месцы ўзнік пажар. Пацярпелых сярод персаналу няма.
«Усе ўпаўнаважаныя службы працягваюць працаваць над ліквідацыяй наступстваў атакі. Праваахоўнікі дакументуюць чарговае дзёрзкае злачынства расіян супраць мірнага насельніцтва Адэскай вобласці», — дадаў ён.
Мэр Адэсы Генадзь Труханаў піша, што разбурэнні ў выніку атак значныя, іх ацэнку ўлады правядуць раніцай.