У Лос-Анджэлес уведзены падраздзяленні марской пяхоты
У панядзелак 700 марскіх пехацінцаў ЗША прыбылі ў Лос-Анджэлес для аховы дзяржаўных устаноў і абароны федэральных службоўцаў на фоне пратэстаў супраць масавых арыштаў нелегальных мігрантаў, піша Расійская служба Радыё Свабода.
Фота: Jae Hong / AP
Пратэсты пачаліся ў пятніцу ў адным з раёнаў Лос-Анджэлеса, дзе імігранты складаюць большасць насельніцтва.
Паводле слоў афіцыйных прадстаўнікоў Белага дома, рашэнне аб увядзенні войскаў у другі па велічыні горад Злучаных Штатаў было прынята з прычыны ўзрослай пагрозы ў дачыненні да супрацоўнікаў федэральных службаў бяспекі і ўрадавых будынкаў.
Амерыканскія прэзідэнты надзвычай рэдка звяртаюцца да выкарыстання войскаў для навядзення і падтрымання парадку ўнутры краіны.
Апошні раз гэта адбылося ў 1992 годзе ў Лос-Анджэлесе, куды марскія пехацінцы былі ўведзены па загадзе прэзідэнта Джорджа Буша-старэйшага падчас масавых беспарадкаў, у ходзе якіх загінулі некалькі дзясяткаў чалавек. Тады федэральную дапамогу запатрабаваў губернатар Каліфорніі.
Цяперашні губернатар Каліфорніі Гэвін Ньюсам і мэр Лос-Анджэлеса Карэн Бас настойваюць на тым, што ўвядзенне войскаў і падраздзяленняў нацыянальнай гвардыі ў горад не было неабходным, што мясцовая паліцыя была здольная падтрымліваць парадак у горадзе, што гэта мера толькі выкліча непатрэбнае абурэнне ў Лос-Анджэлесе.
У панядзелак Каліфорнія звярнулася ў суд з пазовам аб прызнанні незаконнымі дзеянняў прэзідэнта ЗША, які накіраваў у горад часткі нацыянальнай гвардыі. У адказ у панядзелак увечары Пентагон абвясціў пра накіраванне ў горад яшчэ 2000 службоўцаў нацыянальнай гвардыі. Марскія пехацінцы і нацгвардзейцы пакуль толькі нясуць ахову дзяржаўных устаноў, не ўступаючы ў прамы кантакт з пратэстоўцамі.
Пакуль пратэсты ў Лос-Анджэлесе былі абмежаваныя некалькімі кварталамі ў двух раёнах горада. У выхадныя пратэстоўцы спынілі рух на адной з галоўных магістраляў горада, закідвалі камянямі паліцэйскія машыны і падпалілі некалькі беспілотных таксі.