БЕЛ Ł РУС

Піянер беларускага IT-аўтсорсінгу вырас у Польшчы ў 2,5 разы

10.06.2025 / 20:47

Nashaniva.com

Адна з найстарэйшых беларускіх IT-кампаній SaM Solutions, якая ўваходзіла ў «вялікую пяцёрку» аўтсорсінгавых гульцоў 2000-х, толькі нядаўна выйшла на польскі рынак, але ўжо паказвае добры рост, піша ў сваім тэлеграм-канале журналіст Вадзім Сяховіч.

Філіял кампаніі ў Варшаве адкрыўся ў 2022 годзе — пазней, чым у іншых вядомых беларускіх кампаній: EPAM (2011), Intetics (2016), Itransition (2017) і IBA Group (2021).

У 2023 годзе варшаўскі офіс SaM Solutions зарабіў 3,7 мільёна злотых (каля 925 тысяч даляраў), але працаваў у мінус (страты больш за 300 тысяч злотых (каля 75 тысяч даляраў). А вось у 2024 годзе кампанія вырасла амаль у 2,5 раза — да 9,2 мільёна злотых (2,3 мільёна даляраў) выручкі — і атрымала каля 250 тысяч злотых (62 500 даляраў) чыстага прыбытку.

Нягледзячы на міжнародную прысутнасць, у кампаніі дагэтуль дзейнічае беларускі офіс у ПВТ («САМСолюшнс» — рэзідэнт Парку высокіх тэхналогій). Іншыя філіялы размешчаныя ў Германіі, ЗША, Нідэрландах, Украіне, Літве, на Кіпры, а галоўны офіс — у Рызе (Латвія).

У Юрмале жыве і сам заснавальнік SaM Solutions — Андрэй Бахіраў, які ўжо даўно адышоў ад аператыўнага кіравання і мае грамадзянства Германіі. Ён валодае больш як 66% кампаніі. Таксама значныя долі (па больш як 10%) належаць топ-менеджарам Паўлу Хаўранкову і Алегу Сукачу.

Чытайце таксама:

На чайным грыбе зарабіў у Польшчы першыя мільёны рэстаратар з Брэста, бізнэс якога ўлады разграмілі ў 2020-м

Топ-100 кампаній Польшчы з беларускімі каранямі ўзначаліў EPAM, у спіс увайшла і кампанія Сахашчыка

Уласнікі Realt.by пашыраюць бізнэс на Польшчу, ААЭ і Чарнагорыю

Што IT-бізнэс думае пра Ганну Рабаву, новую кіраўніцу Парка высокіх тэхналогій?

Каментары да артыкула