Дроны атакавалі найбуйнейшы парахавы завод у Расіі
У ноч на 11 чэрвеня ўкраінскія беспілотнікі атакавалі парахавы завод у горадзе Катоўск Тамбоўскай вобласці. Мясцовыя жыхары паведамляюць аб шматлікіх выбухах.
Па паведамленнях мясцовых жыхароў, над Катоўскам прагучала не менш за 15 выбухаў. У горадзе гучалі сірэны паветранай трывогі. Кіраўнік Тамбоўскай вобласці Расіі Яўген Пярвышоў пацвердзіў атаку дронаў на Катоўск. Улады рэгіёну паведамілі, што начная атака БПЛА была адбіта, пацярпелых няма.
Завод не аднойчы быў атакаваны дронамі. Апошні раз — у маі. У некаторых выпадках паведамлялася пра істотныя пашкоджанні і перабоі ў працы.
Тамбоўскі парахавы завод з'яўляецца адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў Расіі ў сферы вытворчасці выбуховых рэчываў і порахаў для зброі. Як піша «Коммерсантъ», завод выпускае больш за 200 відаў прадукцыі, у тым ліку порахі для стралковай зброі, артылерыі, гранат і гранатамётных выстралаў.