Маркелаў, Нагорная і Гудзілін адкрываюць у Вільні прастору з лазняй
14 чэрвеня ў Вільні адкрыецца беларуская прастора «Золак». Сярод стваральнікаў — актывіст Пятро Маркелаў, пісьменніца Аліна Нагорная і фатограф Сяргей Гудзілін.
Стваральнікі «Золака» хочуць даць беларускім творцам і актывістам пляцоўку, тэхнічнае абсталяванне і супольнасць для рэалізацыі ідэй.
«Золак», распавядаюць арганізатары, існуе за кошт прыватных унёскаў і не плануе фінансавацца грантамі.
Прастора шматфункцыянальная — гэта рэзідэнцыя для мастакоў і актывістаў, месца для кінапраглядаў, дыскусій, рэйваў і іншых мерапрыемстваў, каворкінг ды нефармальнае месца прыцягнення беларусаў горада. Унутры — івэнт-спэйс, зона адпачынку, кухня і лазня.
«Золак» ужо прыняў у сябе майстар-клас мастака Андрэя Бусла «Хутка смачна» і анансаваў канцэрт спевака Вячаслава Кміта. Тут рэгулярна праводзяцца кінапрагляды ды іншыя імпрэзы.
«Золак» існуе за кошт прыватных унёскаў і праграмы рэзідэнства. Рэзідэнства мае штомесячную аплату па прынцыпе падпіскі і дае магчымасць наведваць прастору па-за імпрэзамі, бясплатна браніраваць пакоі для мерапрыемстваў, а таксама дае доступ да каворкінгу і лазні. Рэзідэнтам можна стаць і праз унёскі «справай» — арганізатары вітаюць любыя навыкі ды ідэі.
Таксама, даступная арэнда прасторы для прыватных мерапрыемстваў.
На адкрыцці 14 чэрвеня пройдуць варкшопы, лекцыі і вялікая музычная вечарына.