БЕЛ Ł РУС

У Францыі могуць заблакаваць Bluesky і Reddit, а Макрон увогуле за забарону сацсетак для дзяцей

11.06.2025 / 19:56

Nashaniva.com

У Францыі ўлады разглядаюць магчымасць абмежавання доступу да такіх платформаў, як Bluesky, Mastodon і Reddit з-за наяўнасці на іх парнаграфічнага кантэнту. Мэта — абараніць ад падобнага змесціва дзяцей, піша Politico.

Фота ілюстрацыйнае

У офісе міністаркі лічбавых тэхналогій Францыі Клары Шапаз паведамілі, што гэтыя сайты могуць прызнаць парнаграфічнымі платформамі, што абавязвае іх уводзіць строгія правілы праверкі ўзросту ў адпаведнасці з новымі французскімі законамі. Калі платформы не выканаюць патрабаванні, ім пагражаюць штрафы, выдаленне з пошукавых сістэм або поўнае блакаванне, як гэта ўжо было раней у дачыненні да сацсеткі Х (былы Twitter).

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, у сваю чаргу, прапанаваў наогул забараніць выкарыстанне сацсетак для дзяцей да 15 гадоў. Ён нават гатовы ўвесці такую забарону ў межах адной толькі Францыі, калі Еўрасаюз не падтрымае ініцыятыву.

Пакуль што сацсеткі (у тым ліку X, Reddit і Bluesky) ніяк не пракаментавалі намеры французскіх уладаў. Хоць правілы Х забараняюць доступ да парнаграфіі для асоб, маладзейшых за 18 гадоў, карыстальнікі могуць пазначыць любы ўзрост, што дазваляе лёгка абыходзіць сістэму.

Францыя ўжо некаторы час узмацняе меры па абароне дзяцей у інтэрнэце — напрыклад, патрабуе ад порнасайтаў абавязковай праверкі ўзросту.

Новыя правілы павінны былі ўступіць у сілу 7 чэрвеня, але частка платформаў выступіла супраць. За ігнараванне патрабаванняў сайты могуць быць аштрафаваныя ці заблакаваныя.

Чытайце таксама:

Што такое Bluesky, куды беларусы сыходзяць з твітара? І ў якім стане цяпер Bel_sky?

56-гадовую віцяблянку будуць судзіць за порнастрымы ў інтэрнэце

Амазонскае племя падало ў суд на The New York Times за «паклёпніцкі» артыкул пра моладзь і порна

Каментары да артыкула