Якія часы, такія і прэзенты: у беларускіх аптэках можна набыць падарункавыя сертыфікаты
На цікавую прапанову ў аптэцы звярнула ўвагу блогерка Ганна Бонд.
Фота з сайта «Мінскай фармацыі»
Ганна зайшла ў адну з аптэк «Белфармацыі» і пабачыла, што можна набыць у падарунак сертыфікат наміналам 100 рублёў. Блогерцы ідэя спадабалася:
— Хутка ў мяне дзень нараджэння. І ў мяне ўсе пытаюцца: «Ганна, што табе падарыць?». Сябры, калі вы хочаце мяне павіншаваць — калі ласка, дарыце сертыфікат на лекі.
Скрыншот сторыс Ганны Бонд
Набыць сертыфікат можна і праз анлайн-аптэку «Белфармацыі»: ёсць варыянты на 20, 50 і 100 рублёў. На сайце сцвярджаецца, што гэта падарунак, з якім немагчыма памыліцца: «Інвестуй у здароўе і прыгажосць! Зараз вашы блізкія змогуць самі выбраць жаданы падарунак — патрэбныя лекі, вітаміны, танометр або інгалятар, крэм для твару або бутэлечку для немаўля і многае іншае».
Аналагічныя прапановы ёсць і ў іншых сетках аптэк. Напрыклад, «Гомельская фармацыя» сцвярджае, што іх сертыфікаты — арыгінальны і якасны падарунак. На іх сайце можна пабачыць сертыфікаты наміналам 10-30 рублёў. Але калі сертыфікаты «Белфармацыі» дзейнічаюць паўгода пасля пакупкі, то сертыфікаты «Гомельскай фармацыі» — усяго тры месяцы.
На сайце «Мінскай фармацыі» пазначана, што ў іх можна набыць сертыфікаты наміналам ад 20 да 200 рублёў. Яны дзейнічаюць шэсць месяцаў.
А сетка аптэк «Планета здароўя» гатовая нават на замову розныя дызайны сертыфікатаў рабіць. Стандартныя сертыфікаты ідуць наміналам 10, 20, 30, 40, 50 і 100 рублёў. Гэтымі ж сертыфікатамі таксама можна скарыстацца ў аптэках «Доктар Час» і оптыках FOCUS. Дзейнічаюць яны ажно тры гады з моманту набыцця.
Чытайце таксама:
У беларускіх аптэках з’явіўся расійскі аналаг «Азэмпіку»
На чыгуначным вакзале ў Мінску паставілі аптэку-робата
У Беларусі з’явіўся сэрвіс дастаўкі лекаў. Пакуль ён працуе ў тэставым рэжыме
Дзяржаўная сетка аптэк «Фармацыя» прапаноўвае ўсім, каму больш за 30 гадоў, выкінуць Apple Watch