БЕЛ Ł РУС

Беларускі святар растлумачыў, ці можна дзецям гуляць з шалёна папулярнымі монстрыкамі лабубу

15.06.2025 / 8:0

Nashaniva.com

Бацюшка Мікалай Ляшкевіч, які служыць ва Успенскім храме Краснаполля Магілёўскай епархіі, адказаў на пытанне, ці варта бацькам баяцца цацак лабубу. Яго думкі вас здзівяць.

Скрыншот відэа ў інстаграме

Святар Мікалай Ляшкевіч актыўна вядзе свой інстаграм і мае больш за 62 тысячы падпісчыкаў. У ім мужчына простымі словамі дае адказы на самыя розныя пытанні.

Не абышоў бацюшка і такую хайповую цяпер тэму, як лялькі лабубу, якія сталі шалёна папулярнымі па ўсім свеце.

Нагадаем: лабубу — гэта папулярны персанаж з серыі дызайнерскіх цацак ад ганконгскага мастака Касінга Луна, створаны ў супрацоўніцтве з брэндам PopMart. Маленькая істота знешне падобная да зайчыка, але мае дзіўныя лапкі, шмат зубоў і выразныя вочы. Сумесь мілаты і гарэзнасці зрабіла лабубу культавым героем сярод прыхільнікаў арт-цацак і азіяцкай поп-культуры.

Каштуюць лабубу нятанна, але ж купцы гатовыя нават біцца за магчымасць набыць моднага персанажа. Сваімі лабубу ўжо пахваліліся Рыяна, Кім Кардаш'ян і Дуа Ліпа. Нават 50-гадовы Дэвід Бэкхэм прадэманстраваў у інстаграме лабубу, якую яму падарыла дачка.

Афіцыйна лабубу прадаюцца толькі ў сетцы PopMart — праз іх фірмовыя крамы, аўтаматычныя тэрміналы і сайт. У Беларусі няма афіцыйных PopMart‑крам, але ж мода на смешных монстрыкаў да нас дайшла. Лабубу ў Беларусь прывозяць баеры — у іх цацка каштуе 300 рублёў.

Сваёй калекцыяй у інстаграме ўжо пахвалілася ўладальніца прыватнага медцэнтру F-clinik Наталля Федзюковіч. Набыць монстрыка паспела і блогерка Аліна Гурская, якая робіць беларускамоўныя каверы на папулярныя песні.

View this post on Instagram

A post shared by Nataliya Fediukovich (@nata_fediukovich)

Рынкі ў вялікіх і маленькіх гарадах краіны ўжо запоўнены таннымі падробкамі — там лабубу можна набыць па цане ад 10 рублёў.

У праваслаўных вернікаў магло ўзнікнуць пытанне, ці можна дазваляць дзецям гуляць з лабубу. Таму святар-блогер Мікалай Ляшкевіч вырашыў выказаць сваё меркаванне.

«Дзеці інакш успрымаюць цацкі. Тое, што дарослым здаецца страшным, дзецям здаецца нармальным ці нават сімпатычным. Даследаванні паказалі, што дзеці гуляюць з монстрамі як са звычайнымі цацкамі: клапоцяцца пра іх, кормяць і нават укладваюць спаць. Гэта дапамагае дзіцяці ўсвядоміць, што ўсе мы розныя, прыняць адрозненні і ў нейкай меры развівае цярпімасць да іншых людзей».

View this post on Instagram

A post shared by БАТЮШКА | НИКОЛАЙ ЛЯШКЕВИЧ | БЕЛАРУСЬ | КРАСНОПОЛЬЕ (@blagovestitel)

Святар заклікае бацькоў не баяцца монстрыкаў, а больш звяртаць увагу на тое, як дзіця гуляе з цацкай — дае ёй магчымасць быць добрай ці выкарыстоўвае як агрэсара і разбуральніка.

«Калі сцэнар зычлівы, то любы монстрык можа дапамагчы дзіцяці засвоіць свае эмоцыі. Калі сцэнарый агрэсіўны, то бацькам варта ўмяшацца, нават калі гаворка ідзе пра самую звычайную ляльку. І памятайце: калі дзіця акружана любоўю і клопатам і вядзе разам з бацькамі духоўнае жыццё, то ніводны монстр не дасць увайсці злу ў сэрца».

У здымках відэа паўдзельнічала і дачка бацюшкі, якая пяшчотна гулялася з лабубу.

За два дні ролік святара ў інстаграме набраў ужо 263 тысячы праглядаў і больш за 9 тысяч лайкаў. У каментарыях яму ў асноўным дзякуюць за такі мудры адказ.

Чытайце таксама:

Арына Сабаленка пахвалілася моднай цацкай лабубу

У Брытаніі знялі з продажу модныя лялькі-монстры Лабубу — праз іх здараліся бойкі паміж пакупнікамі

За месяц попыт на лялек Лабубу вырас на «Куфры» ў 6,5 раза

Каментары да артыкула