За месяц попыт на лялек Лабубу вырас на «Куфры» ў 6,5 раза
Калі ў пачатку мая на «Куфры» было ўсяго пяць аб’яў з новымі лялькамі Лабубу, то да 1 чэрвеня іх колькасць павялічылася да 320. Пра гэта прадстаўнікі платформы паведамілі выданню Office Life.
Лабубу на Канскім кінафестывалі. Фота: Raimonda Kulikauskiene / Getty Images
Попыт пачаў расці і на лялькі «з другіх рук», хоць спачатку асноўная ўвага была на новых вырабах.
Калі ў першы тыдзень мая гэтыя папулярныя цацкі шукалі 1596 разоў, то ў перыяд з 2 па 8 чэрвеня колькасць запытаў павялічылася да 10343. На пляцоўцы лічаць, што рост у 6,5 раза за месяц паказвае: трэнд толькі набірае абароты.
Аднак пакуль паспяховых здзелак нямнога — усяго 31 продаж з 5 мая па 8 чэрвеня.
У кампаніі таксама адзначылі, што ў аб’явах цэны пачынаюцца ад 10 рублёў за ляльку, але гэта не арыгінальныя асобнікі. Арыгіналы, па даных аб’яваў, каштуюць ад 200 да 300 рублёў. Ёсць і эксклюзіўныя — цацкі, прывезеныя з Японіі, якія могуць каштаваць да 1200 рублёў.
Раней паведамлялася, што заснавальнік кампаніі Pop Mart, якая выпусціла папулярныя лялькі Лабубу, трапіў у топ-10 самых багатых людзей Кітая на фоне ажыятажу вакол цацак.
Чытайце таксама:
Арына Сабаленка пахвалілася моднай цацкай лабубу
У Брытаніі знялі з продажу модныя лялькі-монстры Лабубу — праз іх здараліся бойкі паміж пакупнікамі
У Беларусі ўсё ж такі забароняць Хагі Вагі. Міністр адукацыі лічыць, што гэтая цацка правакуе гвалт