Еўрасаюз забараняе тэрміналам ЗПГ у Еўропе прымаць газ з Расіі
Еўрапейская камісія плануе забараніць еўрапейскім тэрміналам для прыёму звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) абслугоўваць расійскіх кліентаў. Гэта абмежаванне можа ўступіць у сілу з 1 студзеня 2026 года. Пра гэта паведамляецца ў праекце рашэння, які плануюць апублікаваць 17 чэрвеня, піша Reuters.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Sina Schuldt/picture alliance via Getty Images
Для ўжо дзейных кантрактаў прадугледжваецца адтэрміноўка на год — да 17 чэрвеня 2026 года, а поўнае спыненне працы з расійскімі кампаніямі павінна адбыцца не пазней за 31 снежня 2027 года.
Таксама імпарцёры газу будуць абавязаныя раскрываць інфармацыю пра паходжанне паліва, каб даказаць, што яно не расійскага паходжання. Гэта неабходна для таго, каб еўрапейскія мытныя і энергетычныя органы маглі кантраляваць выкананне забароны.
У дакуменце адзначаецца, што калі газ дакладна мае расійскае паходжанне, то імпарт забаронены, а ў іншых выпадках імпарцёры павінны падаваць дакументы, якія пацвярджаюць яго іншае паходжанне.
У 2024 годзе ЕС імпартаваў з Расіі каля 25 мільярдаў кубаметраў звадкаванага газу — удвая менш, чым з ЗША. Пры гэтым пастаўкі расійскага ЗПГ у ЕС павялічыліся, у адрозненне ад паставак па трубаправодах, якія знізіліся з 155 да 40 мільярдаў кубаметраў з 2021 года.
ЕС ставіць мэту — цалкам адмовіцца ад расійскіх энергарэсурсаў да канца 2027 года, у тым ліку як па доўгатэрміновых дамовах, так і па спотавых кантрактах.
Чытайце таксама:
Да канца года пад Мінскам адкрыюць завод па вытворчасці звадкаванага газу
Барбадас і Панама забяруць свае сцягі ў больш чым 100 танкераў ценявога флоту Пуціна