БЕЛ Ł РУС

Дзіцячы цэнтр, які адмовіў дзяўчыне ў працаўладкаванні за беларускую мову, улады праверылі і знайшлі парушэнні

13.06.2025 / 23:17

Nashaniva.com

Раней мы пісалі пра гісторыю дзяўчыны, якой адмовілі ў працаўладкаванні ў дзіцячы цэнтр развіцця «Скарбы нацыі» толькі таму, што яна размаўляе выключна па-беларуску. Гісторыя набыла такі розгалас, што на яе мусілі адрэагаваць і дзяржаўныя органы, пра што піша агенцтва «Мінск-навіны».

Фота: дзіцячы цэнтр развіцця «Kids. Сокровища нации»

У адказ на крытыку адміністрацыя цэнтра «Скарбы нацыі» патлумачыла, што ўвесь адукацыйны працэс у іх вядзецца на рускай мове, таму супрацоўнікам неабходна валодаць менавіта ёй. Маўляў, у цэнтры ўсе метадычныя матэрыялы, гульні і асяроддзе — рускамоўныя.

Аднак такая пазіцыя супярэчыць беларускаму заканадаўству. Паводле Кодэкса аб адукацыі, у Беларусі дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца як руская, так і беларуская. Бацькі маюць права выбіраць мову навучання і выхавання сваіх дзяцей, а дзяржава павінна забяспечваць умовы для рэалізацыі гэтага права.

Намесніца кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска Людміла Барысенка нагадала, што, згодна з артыкулам 14 Працоўнага кодэкса, забараняецца дыскрымінацыя пры прыёме на працу па прыкмеце мовы. У выпадку, калі чалавек адчувае несправядлівае стаўленне, ён мае права звярнуцца ў суд.

У сваю чаргу, у дачыненні да цэнтра «Скарбы нацыі» праведзена праверка. Былі выяўленыя парушэнні заканадаўства ў арганізацыі адукацыйнага працэсу і бяспекі. Аказалася, што ўстанова не ўзгадніла свае адукацыйныя праграмы ў належным парадку. Ліквідацыя выяўленых парушэнняў цяпер кантралюецца ўпраўленнем адукацыі адміністрацыі Цэнтральнага раёна.

Чытайце таксама:

«У нас усе размаўляюць на рускай мове». Дзіцячы цэнтр не ўзяў на працу жанчыну, бо яна размаўляе па-беларуску

Карпенка абвінаваціў Бондараву і кампанію ў нацыяналістычных выпадах. Яны патрабавалі дадаць у бюлетэні рускую мову

Каму з беларускіх дзяцей нельга вучыцца за мяжой? Мінадукацыі пракаментавала нашумелы закон

Каментары да артыкула