БЕЛ Ł РУС

«Да гэтага часу не веру, што выжыў». Расповед адзінага выжылага ў катастрофе самалёта Air India, які разбіўся ў Ахмедабадзе

14.06.2025 / 8:43

Nashaniva.com

Рамеш распавёў, што на працягу пяці-дзесяці секунд было адчуванне, быццам самалёт нібы «захрас у паветры».

Міністр унутраных спраў Індыі наведвае Рамеша ў бальніцы. Фота: Ministerio del Interior de India vía AP

Грамадзянін Вялікабрытаніі Вішвакумар Рамеш — адзіны, хто выжыў пасля крушэння рэйса AI171 авіякампаніі Air India — распавёў журналістам пра тое, што адбылося, піша Бі-бі-сі.

У самалёце, які ў чацвер вылецеў у Лондан з Ахмедабада і разбіўся амаль адразу пасля ўзлёту, яму дасталося месца 11A — гэта значыць у 11-м шэрагу, каля ілюмінатара, дзе ў лайнера Boeing 787 размешчаны аварыйны выхад.

«Калі атрымалася расшпіліць рамень бяспекі, я выбіў гэтую адтуліну нагой і выпаўз вонкі», — распавёў 40-гадовы Рамеш у інтэрв’ю індыйскаму дзяржаўнаму выданню DD News.

Як паведаміла авіякампанія Air India, усе астатнія, хто знаходзіўся на борце, 241 чалавек (229 пасажыраў і 12 членаў экіпажа), загінулі. У спісе ахвяр авіякатастрофы — у асноўным грамадзяне Індыі (169) і Вялікабрытаніі (52). На дадзены момант на месцы крушэння знойдзена больш за 200 целаў, аднак далёка не заўсёды зразумела, якія з іх належаць пасажырам, а якія — ахвярам падзення самалёта на зямлі. Лайнер упаў на інтэрнат, дзе знаходзіліся кватэры медыкаў і медыцынскіх студэнтаў.

З журналістамі DD News Вішвакумар Рамеш размаўляў, седзячы на бальнічным ложку. Па яго словах, літаральна праз некалькі імгненняў пасля ўзлёту святло ў самалёце «пачало міргаць».

Рамеш распавёў, што на працягу пяці-дзесяці секунд было адчуванне, быццам самалёт нібы «захрас у паветры».

«Агні пачалі міргаць зялёным і белым… і тут самалёт урэзаўся ў будынак і выбухнуў».

У будынку, які апынуўся на шляху самалёта, што разбіўся, размяшчаўся інтэрнат супрацоўнікаў мясцовай Грамадскай бальніцы імя Байрамджы Джыджыбхоя і студэнтаў адкрытага пры ёй Медыцынскага каледжа.

Рамеш, якога ў Лестэры чакаюць жонка і чатырохгадовы сын, распавёў, што яго крэсла было ў той частцы фюзеляжа, якая ўпала на зямлю, не зачапіўшы самога будынка.

«Калі люк выляцеў, я ўбачыў, што за ім ёсць нейкая вольная прастора, — распавёў ён. — Я паспрабаваў пралезці туды — і мне гэта ўдалося».

«У таго, хто сядзеў каля сценкі з другога боку фюзеляжа, выбрацца проста не было шанцаў, паколькі менавіта той бок быў унізе, калі самалёт урэзаўся».

Прычына крушэння пакуль невядомая. Афіцыйныя асобы паведамляюць, што з месца крушэння вынялі «чорную скрыню», якая зможа даць следчым дадатковую інфармацыю.

На відэа, апублікаваным у сацыяльных сетках, відаць, як Рамеш сам падыходзіць да машыны хуткай дапамогі, пакуль за яго спінай клубіцца дым.

У тое, што яму ўдалося выбрацца з-пад абломкаў жывым, ён, па ўласных словах, да гэтага часу не можа паверыць.

«Я бачыў, як на маіх вачах паміраюць людзі — сцюардэсы і два пасажыры, якія сядзелі побач са мной, — узгадвае ён перажытае. — На імгненне мне падалося, што я таксама памру, але калі я адкрыў вочы і агледзеўся, то зразумеў, што жывы».

«Сам да гэтага часу паверыць не магу, што выжыў. Я літаральна выбраўся з-пад абломкаў».

Доктар Рамеша, Дхавал Гаметы, кажа, што выжыўшы «трохі згублены, і ў яго шматлікія траўмы па ўсім целе», але ў цэлым яго жыццю, мяркуючы па ўсім, нічога не пагражае.

Брытанскія ўлады паведамілі, што раніцай з Рамешам звязаліся дыпламаты, «каб прапанаваць яму консульскую падтрымку».

Хто такі Вішвакумар Рамеш

Нарадзіўся Вішвакумар Рамеш у Індыі, але ў 2003 годзе пераехаў у Вялікабрытанію.

Разам з ім нешчаслівым рэйсам ляцеў і яго брат Аджай. Як расказаў іх стрыечны брат Хірэн Кантылал, у Індыю браты Рамеш прыязджалі ў адпачынак на некалькі месяцаў.

Кантылал таксама ўдакладніў, што раніцай у пятніцу Рамеш размаўляў з яго сям’ёй, выглядаючы пры гэтым адносна здаровым, бо «нармальна мог хадзіць і гаварыць».

Ён дадаў: каб дабрацца да Індыі, сваякі выжыўшага працягваюць шукаць ад брытанскага ўрада падтрымку, якую, па яго словах, яны яшчэ не атрымалі.

На запыт Бі-бі-сі ў МЗС Вялікабрытаніі аб тым, ці звязваліся прадстаўнікі ведамства з сям’ёй Вішвакумара Рамеша, прэс-сакратар Форын-офіса ўдакладніў, што дыпламаты звязваліся з самім Рамешам.

У той жа час прадстаўнік МЗС запэўніў, што іх консульскія работнікі гатовыя аказаць падтрымку сем’ям брытанскіх грамадзян, якія знаходзіліся на борце самалёта.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула